1305

Пачынаецца суд супраць “Гомельскай праўды” аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі архітэктара Ляпіна

21.06.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пазоў архітэктара Сяргея Ляпіна да газеты “Гомельская праўда” разгледзіць суд Чыгунага раёна

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 21 чэрвеня  пачынаецца разгляд пазову гомельскага ўрбаніста і архітэктара, сябра ГА “БАЖ” Сяргея Ляпіна аб  абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Адказчыкамі  па справе выступаюць абласная газета "Гомельская праўда" і яе карэспандэнт  Раман Старавойтаў.

У афіцыйнай газеце 20 траўня за подпісам Старавойтава надрукавана карэспандэнцыя “Ляпнул раз, ляпнул два… Все неймется”, у якой аўтар абвінавачвае архітэктара ў хлусні, правакацыях і нават парушэнні нацыянальнай бяспекі.

“Гэта не першая публікацыя з падобнымі беспадстаўнымі абвінавачваннямі і абразлівамі маніпуляцыямі маім прозвішчам”, — сказаў   Службе маніторынгу БАЖ Сяргей Ляпін.

У пазове ў суд заяўнік указвае, што Старавойтаў, аўтар шэрагу публікацый, называе яго “непрызнаным архітэктарам”, “тролем”, “аўтарам вуткі”, прыпісвае “тактыку правакатара”. Скасылаючыся на ўласны артыкул пад назовам “Лишь бы ляпнуть”, піша: “Так, Ляпіна сатаварышы выкрылі, але не збянтэжылі”.

Пазоўца лічыць, што  прыгаданыя ды іншыя падобныя выказванні парушаюць прэзумцыю яго невіноўнасці і прыстойнасьці, у абражальнай форме прыпісваюць яму ня толькі амаральныя, але і злачынныя дзеянні, бо яго “ніхто, ніколі і ні ў чым не выкрываў”.

Будучы архітэктарам па адукацыі, Сяргей Ляпін спрычыніўся да  шэрагу гарадскіх праектаў па добраўпарадкаванні горада. У прыватнасці, з яго ініцыятывы тэлефонная скрыня-размеркавальнік на плошчы Перамогі ператворана ў “Кніжную шафу”. Пастаўлены “Тэлепорт” каля абласной бібліятэкі. На вуліцы Кірава на сцяне дома створаны мурал з выявай выдатнага  гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, рэпрэсаванага ў 30-я гады мінулага стагоддзя.

Сяргей Ляпін неаднаразова ў сваіх публікацыях  і каментарах у СМІ  крытычна адклікаўся на сумнеўную рэканструкцыю вуліц Кірава, Інтэрнацыянальнай, Пралетарскай. Падтрымаў архітэктар Ляпін у незалежных медыях і грамадскіх актывістаў, якія  выступілі  супраць пабудовы трох падземных пераходаў на галоўнай плошчы горада з меркаванняў, што такія навабуды пашкодзяць гістарычнаму цэнтру, загоняць гараджанаў у падземныя пераходы, даючы прастору транспарту, а не людзям. Гэты і выклікала абразлівую рэакцыю афіцыйнай прэсы замест грамадскага абмеркавання  надзённых пытанняў добраўпарадкавання 500-тысячнага горада.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!