230

«Пачаліся праблемы са здароўем, скача ціск». Ігар Лосік галадае ўжо 36 дзён

19.01.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

19 студзеня Ігара ў жодзінскім СІЗА наведаў адвакат Дзьмітры Лепрэтар.

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня — ужо 206 дзён. Апошнія 36 зь іх Ігар галадае.

«Ігар мае намер працягваць галадоўку. Ён ня хоча спыняцца. Адчувае сябе горш, чым падчас мінулай сустрэчы. Ігар сам пра гэта расказаў. У яго зьявілася слабасьць і праблемы зь ціскам. Раніцай ён вельмі нізкі, проста вельмі. А ўвечары падвышаны. Ціск Ігару мерае лекар, ён таксама цікавіцца яго самаадчуваньнем. Таксама былі гутаркі з псыхолягам у Ігара», — расказаў Дзьмітры Лепрэтар.

Па словах адваката, да Ігара пачалі даходзіць лісты. Іх яму перадалі на мінулым тыдні. У пятніцу Ігар атрымаў каля 80 лістоў, пасьля яшчэ па 10, па 20 запар. Усе лісты датаваныя яшчэ канцом 2020 году.

«Сярод іншых дайшло некалькі лістоў ад родных, — кажа адвакат. — Ігар вельмі рады ім. Ён сочыць за сытуацыяй, ведае, што адбываецца. Перадаваў вялікае прывітаньне ўсім, хто яго падтрымлівае. Асабліва рады паштоўцы, якую атрымаў ад Маляваныча (актора Аляксандра Ждановіча. — РС). Яна яго вельмі падбадзёрыла. Перадае падзяку прадстаўніцтву Эўразьвязу ў Беларусі. Ведае пра яго заяву, дзякаваў за падтрымку. Усім неабыякавым людзям дзякуе, хто яго падтрымлівае. Прадстаўнікам дыяспары таксама. Ігар ведае, што адтуль яму таксама пішуць, яго там падтрымліваюць».

Галадоўку на знак пратэсту Ігар Лосік абвясьціў 15 сьнежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачаньні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Лосіка абвінавачвалі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Шэраг вядомых асобаў, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская і Зьміцер Дашкевіч, заклікалі Ігара спыніць галадоўку. Аднак ён адмовіўся гэта рабіць.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!