417

Пачалі судзіць аўтара ютуб-канала «Слуцк для жыцця» Уладзіміра Няронскага АБНОЎЛЕНА

12.01.2021 Крыніца: spring96.org

У судзе Лагойскага раёна 12 студзеня пачаўся суд над палітзняволеным аўтарам ютуб-канала «Слуцк для жыцця» Уладзімірам Няронскім. Яго судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі «незаконных грамадска-масавага мерапрыемствах» па ўсёй Беларусі. Гэта першы суд па «справе Ціханоўскага». Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама. Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў, піша spring96.org

Справу Уладзіміра Няронскага разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае намеснік пракурора Лагойскага раёна Аляксандр Ляўковіч. На суд прыехаў пацярпелы па справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі. З жодзінскай следчай турмы на суд прывезлі і Уладзіміра Няронскага.

На пытанні аб даверу суду Няронскі сказаў: «Я ўдзячны Богу, што па ўсёй краіне пакатаўся і патрапіў менавіта сюды».

«Натхніўшыся заклікамі Ціханоўскага, Статкевіча, Севярынца». У чым абвінавачваюць блогера?

Згодна абвінавачванню, Уладзімір Няронскі, будучы актывістам «Страна для жизни», па змове з Сяргеем Ціханоўскім арганізаваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Гомелі, Мозыре, Брэсце, Мінску, Слуцку, Гродне, Магілёве. Сродак здзяйснення злачынства — ютуб-канал і тэлеграм-канал «Страна для жизни». У абвінавачванні гаворыцца, што «натхніўшыся заклікамі Ціханоўскага, Статкевіча, Севярынца», ён стварыў ютуб-канал «Слуцк для жизни». Па версіі следства, ён 2 лютага сустрэўся з Ціханоўскім, з якім размеркаваў ролі здзяйснення злачынства.

У віну блогеру ставяць адміністраванне гэтага канала, на якім размяшчаў відэаролікі, у якім былі «заклікі, адрасаваныя шырокай групе асоб узяць удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый». У гэтых роліках, як гаворыцца ў абвінавачванні, прапагандавалася беспакаранасць. Такія заклікі следства ўбачыла ў роліках Уладзіміра Няронскага «Дарога на Мінск», «Все призжайте в посёлок Дружный Евроопт», « Задержание Дружный ТЭЦ-5», якія збіралі да 40 тысячаў праглядаў. Пракурор пералічыў у абвінавачванні ўсе ролікі «Слуцка для жизни», нават ужо выдаленыя.

Таксама ў роліках Уладзіміра Няронскага ўбачылі пулічную абразу старшыні Слуцкага райвыканкама. Па версіі абвінавачвання, сваімі словамі ў роліках (выразамі «такі мэр на*уй не трэба», «крывадушнік» і іншыя) ён прынес маральныя пакуты, падарвалі яго аўтарытэт асабіста як прадстаўніка мясцовай выканачаўчай улады і ў цэлым усіх мясцовай улады.

Абвінавачванні Уладзіміра Няронскага пракурор зачытваў каля 40 хвілін (поўная версію «Вясна» апублікуе пазней).

«Ціханоўскі да гэтага не мае адносінаў». Стаўленне палітвязня да абвінавачванняў

Па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Уладзімір Няронскі прызнаў віну часткова. Ён сказаў, што прызнае, што сапраўды апублікоўваў гэтыя ролікі, у якіх вельмі эмацыйна выказваўся, але ніякага зговару з Ціханоўскім і іншымі асобамі не было. Па арт. 369 Крымінальнага кодэкса блогер цалкам прызнаў віну, сказаў, што гатовы публічна прынесці прабачэнні.

"Планёркі ў выканкаме пачыналіся з абмеркавання маіх ролікаў". Допыт палітвязня

У судзе прыступілі да допыту Уладзіміра Няронскага. Пракурор пачаў допыт з адносінаў яго з Сяргеем Ціханоўскім, іх знаёмства, сустрэч.

"Я хачу заўважыць, што Ціханоўскі мне не давяраў. Яму нехта сказаў, што я ад КДБ — "засланы казачок". Я тады вельмі здзіўляўся, што ён так рэагуе на мяне. Таму ён мне не давяраў. Мы з ім так і не знайшлі агульнай мовы. Я такі чалавек".

Няронскі на судзе распавёў, што з Ціханоўскім пазнаёміўся ў канцы снежня 2019 года. Калі ён ляжаў у лякарні, то ўбачыў ролікі "Страна для жизни". Ён убачыў у ютубе, што Ціханоўскі бярэ інтэрв'ю ў чалавека. Таксама Ціханоўскі запытаў на роліку, ці ёсць у яго падпісанты са Слуцку, каб яму змаглі распавесці, што там адбываецца. Уладзімір Няронскі напісаў у каментары, што ён са Слуцка і пагадзіўся дапамагчы Ціханоўскаму са здымкай аб мясцовым прадпрыемстве. 2 лютага 2020 года яны сустрэліся. У прамым эфіры ў Слуцку яны абмяркоўвалі сітуацыю, прадпрыемства, што яны знаходзяцца ў дрэнным стане.

"Але гэта не віна мэра, яму ўжо дасталася такая спадчына", — кажа Няронскі.

Пасля гэтага Няронскі вырашыў асвятляць слуцкія праблемы, але ён не ведаў як гэта рабіць. Уладзімір распавёў на судзе, што ён не мог стварыць ютуб-канал, таму што дрэнна ведаў магчымасці кампутара і інтэрнэту. Ціханоўскі стварыў яму ютуб-канал і даслаў пароль, які Няронскі пазней змяніў.

"Я змяніў пароль па сваёй ініцыятыве. Калі мяне абвінавацілі, што я зарабляю на сваім ютуб-канале грошы, то я выдаліў усе ролікі. Мне крыўдна было. Я за справядлівасць".

"Хачу сказаць, што шмат добрага адбылося за гэты час [вядзення канала "Слуцк для жыцця"]. Прыносіў карысць на карысць грамадства. Планёркі ў выканкаме пачыналіся з абмеркавання маіх ролікаў. Эфект быў, сапраўды наводзіўся парадак".

Уладзімір Няронскі распавёў, што Сяргей Ціханоўскі крытыкаваў яго за такі рэзкі стыль вядзення ютуб-канала, казаў, што нельга так дзёрзка выказвацца наконт уладаў. Няронскі сказаў, што сам вырашаў, як і якім чынам весці свой канал, ён быў незалежны. Па словах Няронскага, ён сам вырашаў, што будзе ў яго роліках, з Ціханоўскім ён не ўзгадняў іх змест.

"З Ціханоўскім у нас былі розныя погляды. Я вельмі дзёрзка выказваўся з нагоды ўлады, а Ціханоўскі казаў, што нельга так эмацыйна выказвацца. Гэта відаць па маім першым прамым эфіры з Мазыра, дзе ў дзяцей з інваліднасцю хацелі забраць дзіцячы цэнтр "Вясёлка". Але, дзякуй богу, дзецям яго вярнулі, усё вырашылася. Я тады плакаў сам. Але Ціханоўскі пару разоў негатыўна выказаўся з нагоды маіх роліках, што я занадта эмацыйны".

Уладзімір Няронскі распавёў, што за ўвесь час асабіста з Ціханоўскім сустракаўся разоў 4-5: прамы эфір у Слуцку, прыязждаў на суд падтрымаць Няронскага ў Слуцк, разам ездзілі ў Брэст, дзе Няронскі быў кіроўцам.

"Вы зразумейце, у мяне не магло быць ніякіх дамоўленасцеў з Ціханоўскім, бо ён мне не давяраў". 

Старшыня Слуцкага райвыканкама на судзе Няронскага. Фота: spring96.org
Старшыня Слуцкага райвыканкама на судзе Няронскага. Фота: spring96.org

5 дзён на свежым паветры за 252 дні зняволення

Уладзімір распавёў, што падчас вядзення канала яму пагражалі ў КДБ турмой. Палітвязень сказаў, што ў яго вельмі баліць спіна, ён працягнуў адказваць на пытанні пракурора сідзячы. Потым Уладзімір заплакаў і распавёў пра сваё ўтрыманне пад вартай:

"Я хачу сказаць Вам [звяртаецца да суддзі], каб Вы зразумелі мяне як чалавека. Два гады таму я паверыў у Бога. Я правёў у зняволенні 252 дні. 60 сутак — у адзіночцы. 21 раз за ўвесь час я схадзіў у душ. 12 этапаў, 24 поўных ператруса, правёў 5 дзён на свежым паветры. Прайшоў 50 судоў, 90 зняволеных. Жыць а адной хаце з галаварэзамі і застацца чалавекам... [Няронскі плача] За гэтыя 252 дні я ні разу не пашкадаваў, што трапіў у турму. Я прашу прабачэння ў спадара Янчэўскага, я сапраўды не меў рацыю.

Турма чалавеку карысная, але праз паўгода чалавек прывыкае да турмы і ён лічыць яе другім домам. Праз паўгода чалавек забывае пра волю наогул. Мяне палохаць турмой бескарысна, я не хачу каб працягваліся гэтыя суды. Я турмы не баюся. Я толькі хачу папрасіць прабачэння ў маіх родных. 

У маім ІЧУ цяпер няма ацяплення. Мы голімся нагала, каб нас не заядалі вошы. Мяне ў Акрэсціна 3 дні трымалі ў спецыяльнай "хаце", дзе мяне з'ядаліся клапы. Гэта для палітычных. Мы ўжо коцімся ў бездань, так нельга".

Суддзя спыніў палітвязня і сказаў адказваць па парадку на пытанні пракурора. Уладзімір Няронскі працягнуў адказваць на пытанні.

"Я не разумею, чаму ўсе (супрацоўнікі КДБ, следчыя) лічылі, што я правая рука Ціханоўскага. Яны хацелі ў мяне нешта выбіць, але я нічога не ведаў".

Пракурор запытваў у Няронскага, ці атрымліваў ён грашовае ўзнагароджанне за размяшчэнне сваіх ролікаў на ютуб-канале. Уладзімір сказаў, што нават у паездках з Ціханоўскім ён сам сабе каву набываў. Пракурор запытваўся таксама ў яго, ці ведае, ці атрымліваў грошы Ціханоўскі ад іншых асобаў, ад замежных дзяржаваў. Няронскі распавёў, што яму толькі вядома, што Сяргей Ціханоўскі збіраў грошы ў прамым эфіры на сваёй ютуб-пляцоўцы.

Пракурор запытаў, ці знаёмы Няронскі з Статкевічам і Севярынцам. Уладзімір сказаў, што адзін раз бачыўся з Севярынцам на прэзентацыі яго кнігі, а з Статкевічам нават не знаёмы:

"Мы размаўлялі з Севярынцам пра Бога. Мне гэтая палітыка-прастытуцыя нецікава. Мне цікава было, як ён прыйшоў да Бога".

"Я заклікаў чыноўнікаў пачуць людзей, а не заклікаў людзей да чагосьці"

Пракурор пачаў допыт пра абразы Янчэўскага. Старшыня Слуцкага райвыканкама не заяўляў ні матэрыяльных, ні маральных патрабаванняў. Пракурор спытаў, ці ёсць у Няронскага непрыязныя стасункі з прадстаўніком Слуцкага райвыканкама. Уладзімір Няронскі патлумачыў у судзе, што канфлікт з Янчэўскім пачаўся падчас паездкі ў адну вёску Слуцкага раёна.

"Там запахалі дарогу на поле да могілак, па якой шмат гадоў хадзілі мясцовыя жыхары. На сустрэчы Янчэўскага з мясцовымі жыхарамі, у яго стары спытаў, чаму і навошта яны гэта зрабілі. Тады Янчэўскі адказаў яму: "Закрый рот, а то міліцыю выклікаю". Я абурыўся, і на эмоцыях назваў мэра х*рам".

Няронскі заявіў на судзе, што не лічыць слова "х*р" абразлівым. Распавёў, што падчас следства гэта выраз адпраўлялі на экспертызу.

Пракурор пытаўся ў Неронскага пра стварэнне ролікаў "Лице-Мэр" і "Лице-Мэр 2. Слабонервным не смотреть". Няронскі параіў пракурору паглядзець гэты ролік, бо ён "моцны":

"Ён распавядае пра выпадак у вёсцы Сорагі, дзе дзяўчыне на прадпрыемстве ў калгасе "Сорагі-Агра" адрэзала пальцы, яе адпраўлялі працаваць, а ў выпадку, калі пачне скардзіцца, пагражалі забраць дзяцей".

Уладзімір Няронскі за час суда паспеў распавесці некалькі падобных гісторый, паказваючы на несправядлівасць і бяздзейнасць уладаў. Пракурор пералічвае ўсе ролікі з ютуб-канала "Слуцк для жизни" і запытваецца, ці ствараў ён гэтыя ролікі. Няронскі ўсё падцвярджае і суправаджае гэта каментарамі, якая несправядлівая сітуацыя адлюстроўваецца ў гэтых роліках, як і за які ролік яго "прэсавалі". Але не ўсе зместы ролікаў Няронскі мог успомніць. Пазней гэтыя ролікі будуць праглядацца ў судзе.

"Мне нецікавыя гэтыя ўсе апазіцыі. Я не падзяляў іх погляды, і не падзяляю да гэтага часу. Я казаў, што чалавек павінен заставацца чалавекам. Мой дэвіз: давайце дапамагаць адзін аднаму. Усё. Я заклікаў чыноўнікаў пачуць людзей, а не заклікаў людзей да чагосьці. дырэктар Слуцкага цукровага завода быў вельмі крутым, але цяпер ён сам жа есць такую ж баланду як і я. А ведаеце з чаго ўсё пачалося? Ён сказаў чалавеку, што ніводны зэк у яго на заводзе працаваць не будзе, а праз месяц яго самога затрымалі.

Столькі безладдзя ў краіне. Гэта генацыд. І вось ва што гэта ўсё вылілася. Гэта назапашвалася 26 гадоў. Мы ў інвалідаў забралі дом! Вы што? Я кажу, Рыгоравіч, Вы што? Я ўзяў тэлефон і сказаў, што гэтая ўлада — д'ябал! Паглядзіце, Лукашэнка таксама пачаў узгадваць Бога, раней ён казаў, што ён атэіст. Але, калі людзі выйшлі на вуліцу, ён задумаўся. У нашай краіне нельга слова сказаць. У нашай краіне цяпер нічога нельга, усё забаронена, ну вы ж разумееце, так? 

Я не заклікаў людзей парушаць закон. Я толькі сказаў, каб грамадзяне чыноўнікі перасталі паводзіць сябе непрыстойна. Заклікаў не ўбачыў ні я, ні людзі, а толькі той, каму гэта трэба.

Суддзя зноў папрасіў Няронскага адказваць на пытанні па сутнасці, на што ён сказаў:

Мне спяшацца няма куды, у мяне ў "хаце" няма ацяплення, там такая халадзіна і кормяць адзін раз у дзень".

Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 12 студзеня. Фота: spring96.org
Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 12 студзеня. Фота: spring96.org

 

"Ты сядзіш за тое, што ведаеш Ціханоўскага"

Пракурор пачаў запытвацца ў Няронскага пра мітынгі ў розных гарадах Беларусі, дзе праводзілі выбарчыя пікеты, а таксама, дзе Ціханоўскі праводзіў прамыя эфіры. Гаворка ідзе пра масавыя мерапрыемствы ў Мазыры, Магілёве, Мінску і нават Гродне 29 траўня.

"Тое, што ў дзяцей забіраюць дом [сітуацыя з дзіцячым цэнтрам "Радуга" ў Мазыры], — гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства?"

Пракурор спытаў, арганізоўваў Няронскі мітынг у Магілёве:

"Не, канешне! Вы бачылі, што яны [супрацоўнікі міліцыі] там зладзілі? Ніякага мітынгу там ніхто не планаваў! Там спынілі нашу машыну! Я ж не ведаў, што прыйдуць людзі і пачнуць абурацца. Усё было б нармальна, калі б міліцыянты не пырснулі нам газам".

Абвінавачванні па арганізацыі мітынгу 29 траўня ў Гродне Уладзімір Няронскі эмацыйна адрэагаваў:

"Гэта наогул маразм! Я тады сядзеў у ІЧУ з 6 траўня. Што пасля гэтага было — я не ведаю! Да чаго дайшоў абсурд, што мяне абвінавачваюць у падзеях, дзе мяне не было! Усе ў шоку!

Калі мяне затрымалі, я спытаў у следчага, за што. Мне прама сказалі: "Ты сядзіш за тое, што ведаеш Ціханоўскага". І ўсё. Казалі: "Вы былі побач з ім". Ні ў адным роліку я не заклікаў граміць, забіваць і іншае".

Суддзя спытаў, ці ведае ён іншых членаў каманды: Арановіча, Сакава:

"Навошта Арановіч апранаўся ў вопратку Ціханоўскага?"

На гэта Няронскі сказаў, што "яму наогул цікава, як ён там [за кратамі] апынуўся".

Суддзя распытваў яго, на якія грошы ён жыў, запісваў ролікі на ютуб-канале, набыў машыну. Але Няронскі сказаў, што ў яго запазычанасці па крэдытам, а таксама па аліментам.

"Калі б мне давала апазіцыя грошы, то я б даўно заплаціў крэдыт".

Я не нёс ніякіх матэрыяльных выдаткаў для вядзення свайго канала. У Салігорскім аўтацэнтры Рэно мне дазволілі выдаць крэдыт на машыну, за які заплаціў толькі 36 рублёў, выдачу аформіў Белгазпрамбанк".

"Людзі карысталіся даверам Няронскага". Допыт пацярпелага старшыні Слуцкага райвыканкама

Уладзіміра Няронскага абвінавачваюць у абразах старшыні Слуцкага райвыканкама ў трох роліках, створаных на працягу трох дзён запар у лютым 2020 года.

"У канцы 2019 года пачалі з'яўляцца гэтыя ролікі. Я адразу не звяртаў увагу, але ўсё больш знаёмых пачалі абурацца. Я паглядзеў і абурыўся, таму вырашыў прыняць меры.

Зыходзячы з гэтых ролікаў відаць, што Уладзімір верыў людзям, якія нібыта пацярпелі ад дзеянняў уладаў. Ён браўся абараняць іх, эмацыйна выказвацца з нагоды мяне і наогул дзеянняў уладаў. У першым роліку ён добра выказваўся пра мяне, а потым але пасля роліка разам з Ціханоўскім, яго меркаванне змянілася, па-мойму, пад уплывам.

Мы вымушаныя былі разбірацца з гэтым. Але пры гэтым усё было скажонае. Людзі карысталіся даверам Няронскага.

Калі вы будзеце глядзець ролік, то ўбачыце, што там незавуаляваныя наўпроставыя абразы: свіння, зажраўся".

Янчэўскі распавёў, што да яго на прыём прыходзіла маці Уладзіміра Няронскага і папрасіла не прад'яўляць пазоў да сына і не патрабаваць суровага пакарання:

"Я абяцаў гэта ёй".

Грамадзянскія пазовы да Уладзіміра Няронскага старшыня Слуцкага райвыканкама не прад'яўляў.

На пытанне абаронцы Няронскага, чаму Янчэўскі не звяртаўся з заявамі на герояў роліках, ён сказаў, што ў яго няма жадання і часу гэтым займацца.

"Я б на Няронскага не падаваў заяву, пакуль гэта ўсё не стала паўтарацца ў дзясятках роліках".

"Чалавек усё прызнаў, папрасіў прабачэння, часу столькі прайшло, столькі сядзіць. У маім разуменні, ён ужо павінен быў усё зразумець".

На гэтым допыт пацярпелага скончыўся.


У перапынку Уладзімір Няронскі ў размове з прысутнамі сказаў выраз: "Чым больш людзей пасадзяць — тым лепш". Суддзя сказаў журналістам пазначыць гэта, каб усё было аб'ектыўна.


Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 12 студзеня. Фота: spring96.org
Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 12 студзеня. Фота: spring96.org

 

"Брудныя майткі ў якасці доказаў забралі, уяўляеце?" Агалошванне матэрыялаў справы

Суд прыступае да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Суддзя спытаў у Няронскага пра аўтадом: што гэта, каму належыць, хто за яго плаціў. Уладзімір распавёў, што ён узяты Ціханоўскім у арэнду, але Няронскі не плаціў за гэта.

У судзе агучваюцца дадзеныя праслушкі 5 траўня Уладзіміра Няронскага з сябрам дзяцінства і жонкай. У размове ён кажа, што "у Беларусі адбываецца такое, якога за 10 гадоў не было", пра рэвалюцыю, пра антыпарад 9 траўня ў Бабруйску і г.д.  На судзе Уладзімір кажа, што гэта ўсё гаворыцца ў жартоўнай форме, і, па яго словах, у дакументах пазначана, што яны там смяюцца. Па тэлефоне жонцы 5 траўня Няронскі кажа, што за імі ехаў аўтобус АМАПа, і кажа, што яго затрымаюць.

Таксама ў дакументах пералічваюцца вынятыя ў Няронскага рэчы.

"Вы ўяўляеце, мяне закінулі на "Валадарку" ў шортах, а рэчы з перадач на адміністрацыйныя суткі ў мяне следчы забраў у якасці рэчыўных доказаў. Брудныя майткі ў якасці доказаў забралі, уяўляеце?"

У судзе пракурор даслоўна агучвае змест ролікаў Няронскага. Усе маналогі блогера з яго відэа-ролікаў пераведзены ў тэкст і зачытваюцца ў судзе. Дзяржабвінаваўца задаў некалькі ўдакладняючых пытанняў па адносінах Ціханоўскага да яго і ўдзелу ў роліках.

"Я ролікі адразу выдаляў, калі вырашалі праблемы. У мяне не было ідэі стварыць напружанне ў грамадстве. Я ўсё наадварот здымаў напружання з дапамогай гэтых ролікаў".

Дзяржаўны абвінаваўца ўдакладніў у Неронскага, што ён меў на ўвазе ў адным з відэароліках, калі сказаў, што вертыкальную ўладу ў Беларусі трэба прыбіраць. Аднак на гэта Уладзімір Няронскі адрэагаваў эмацыйна і пачаў абурацца, што пракурор зачытвае гэта ўсё:

"Што я меў на ўвазе? Давялі да дзяржаўнай вайны — вось вам і вертыкаль. Выйдзіце на вуліцу і паглядзіце, што я меў на ўвазе. Гэта ж не я давёў, а вы сваімі пытаннямі".

Няронскі зноў заявіў, што ў ІЧУ, дзе яго трымаюць цяпер, няма ацяплення і нават туалета:

"Чалавек — злачынца, але ён не жывёла! Там вядро замест прыбіральні!

Я сяджу 8 месяцаў, вы хоць бы даляр знайшлі ў мяне! Калі за гэты час нічога не знайшлі, то што вы збіраецеся знайсці за паўгадзіны?"

Суддзя зрабіў другую заўвагу Няронскаму, і папярэдзіў, калі ён далей будзе перашкаджаць працэсу, то разгляд крымінальнай справы працягнецца без яго.

Суд працягнецца заўтра, 13 студзеня, у 10:00.


6 гарадоў. Храналогія пераследу Уладзіміра Няронскага

Уладзімір Няронскі быў затрыманы 6 траўня 2020 года пад Мінскам, калі ён з паплечнікамі вяртаўся з Магілёва, дзе напярэдадні яны ладзілі сустрэчу з чытачамі YouTube-каналу «Страна для жизни». Яе магілёўская міліцыя кваліфікавала як «масавае несанкцыянаванае мерапрыемства», і 8 траўня Кастрычніцкі раённы суд Магілёва пакараў Няронскага па арт. 23.34 КаАП 10 суткамі адміністрацыйнага арышту нібыта за яго арганізацыю. Пасля гэтага на волю ён не выйшаў. Калі і дзе праходзілі суды над ім, у выніку якіх атрымліваў чарговыя "суткі", — невядома.

16 траўня стала вядома, што Няронскі ўжо адбывае чарговыя 5 сутак па арт. 23.34 КаАП у Мар’інай Горцы. Потым стала вядома, што яго перавялі ў Слуцк, дзе ён адбываў чарговы адміністрацыйны арышт. 12 чэрвеня перавезлі ў Мінск, а 17 чэрвеня стала вядома, што Уладзіміра Няронскага змясцілі ў следчы ізалятар № 1 на вул. Валадарскага ў Мінску ў межах крымінальнай «справе Ціханоўскага». На яго заведзеная крымінальная справа па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — за абразу ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама.

18 жніўня стала вядома, што Уладзімір Няронскі быў пераведзены ў СІЗА г. Жодзіна. Суд прызначылі ў судзе Лагойскага раёна Мінскай вобласці. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!