2055

Па шляху Белтэлерадыёкампаніі: СТВ выкарыстала чужыя здымкі без указання аўтарства

13.12.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Дырэктар інфармацыйнага вяшчання Ігар Пазняк ад каментароў адмаўляецца і кажа, што скаргаў ад аўтараў кантэнту ў ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне” не паступала.

Тэлеканал СТВ выкарыстаў у эфіры фота- і відэаздымкі мінскага блэкаўта з сацыяльных сетак, але не пазначыў імёны аўтараў. Увагу на гэта ў сацыяльных сетках звярнуў Антон Матолька, які ўжо меў падобны прэцэдэнт з Белтэлерадыёкампаніяй.

Фота і відэа ў сеціва выклалі відавочцы адключэння электрычнасці ў Мінску Крысціна Калевіч і Мікалай Лапушка, аднак у інфармацыйным сюжэце іх імёны так і не з’явіліся.

На СТВ каментаваць сітуацыю прэс-службе ГА “БАЖ” адмаўляюцца.

— Калі ва ўладальнікаў гэтага фота- і відэакантэнту будуць пытанні да нашага тэлеканала, мы з задавальненнем ім пракаментуем. У гэтай сітуацыі я не разумею, чаму ў вас, не аўтараў кантэнту, узнікаюць нейкія пытанні, — сказаў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” кіраўнік дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання СТВ Ігар Пазняк.

Фота: скрыншот з сайта СТВ

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!