389

Па рашэнні ААЦ ізноў адключаны дамен NN.by

30.06.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Пра гэта паведаміла рэдакцыя ў Тэлеграм-канале.

"Па рашэнні ААЦ ізноў адключаны NN.by. Чытайце нас на Nashaniva.by і ў сацсетках", — гаворыцца ў паведамленні.

ААЦ (Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) з'яўляецца адміністратарам дамена BY.

"Дамен NN.by, якім раней валодала УП «Суродзічы», быў выстаўлены на аўкцыён, запланаваны на сярэдзіну ліпеня. Гэты дамен мог бы атрымаць любы, хто заплаціць большую суму.

Аднак паводле правілаў, на аўкцыён не выстаўляюцца даменныя імёны з анулянаванай рэгістрацыяй, калі яны «з’яўляюцца тоеснымі альбо падобнымі да ступені змяшэння» з найменнямі зарэгістраваных кампаній. У сувязі з гэтым УП «ННбай» звярнулася да адміністратара нацыяльнай даменнай зоны (ТАА «Надзейныя праграмы») з просьбай перадаць тоесны дамен. Заяўка была задаволеная. «ННбай» стала гаспадаром дамена на два гады.

Тым часам УП «Суродзічы», які валодае «Нашай Нівай», дамовілася з «ННбай», што новая кампанія будзе весці сайт NN.by.
УП «ННбай» павінна быць унесенае ў дзяржаўны рэестр БелГІЭ. У нашай сітуацыі гэту заяўку падаюць «Надзейныя праграмы». Працэдура механічная, звычайна займае дзень-два, хоць фармальна можа займаць да 15 дзён.

Ад раніцы 30 чэрвеня сайт «Нашай Нівы» запрацаваў па звыклым дамене NN.by. Карыстальнікі, якія не ведалі пра часовы пераезд, змаглі вярнуцца на старонкі выдання. Па стане на вечар на сайце адначасова знаходзілася каля 2700 карыстальнікаў.

Увечары 30 чэрвеня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце — спецслужба, якая кантралюе беларускі інтэрнэт, — паведаміла, што «ННбай» павінна зарэгістравацца ў сістэме БелГІЭ не пазней за 10 ліпеня.

Адначасова было ААЦ прыняў рашэнне аб тэрміновым прыпыненні працы дамена NN.by. Правайдары пачалі адключэнне сайта «Нашай Нівы».

Фармальна дамен NN.by павінен аднавіць працу пасля таго, як «ННбай» атрымае дазвол ад БелГІЭ. Як гэта будзе насамрэч, ніхто не ведае.
Пакуль што Рэдакцыя вяртаецца на дамен Nashaniva.by", — гаворыцца ў Тэлеграм-канале "Наша Ніва".

Нагадаем, пяць дзён таму рэдакцыя страціла дамэн NN.by.

Наша ніва» тады тлумачыла, што ў яе забралі гэты адрас, бо рэдакцыя пратэрмінавала аплату арэнды дамэна. Электронная пошта адфільтравала ў спам лісты з напамінам пра запазычанасьць, гавораць у рэдакцыі, а ад пачатку 2020 году пратэрміноўка аплаты нават на адзін дзень робіцца падставай для таго, каб дамэн адабралі і выставілі на аўкцыён. Сайт Nn.by быў зарэгістраваны ў кампаніі «Адкрыты кантакт», рэдакцыя ўжо зьвязалася і з кампаніяй, і з кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі, аднак да вечара 25 чэрвеня нічога ня вырашылася. Выданьне «пераехала» на адрас Nashaniva.by.

Па стане на раніцу 30 чэрвеня па адрасе Nn.by ужо адкрываецца старонка выданьня «Наша ніва». Дамэн цяпер зарэгістраваны на прыватнае прадпрыемства «ННбай» (выданьнем валодае кампанія пад іншай назвай, прыватнае прадпрыемства «Суродзічы»), у кантактах уладальніка дамэна пазначаны Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай нівы».

Марціновіч растлумачыў Свабодзе: хоць дзяржаўныя органы не пайшлі насустрач выданьню ў вяртаньні дамэна, вярнуць адрас атрымалася «юрыдычнымі спосабамі», не заплаціўшы ні рубля. Марціновіч адзначае, што да выданьня зьвярталіся нават бізнэсоўцы, якія прапаноўвалі фінансавую падтрымку для вяртаньня дамэна, але гэтага не спатрэбілася.

«Мы змаглі вярнуць дамэн; гэта справядліва, бо я лічу, што яго не было за што адбіраць, — кажа ён Свабодзе. — Гэтым дамэнам мы карысталіся 15 гадоў, сотні тысяч чытачоў ведалі, на які адрас заходзіць».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!