Аўтарская калонка

Ну... за Пушкіна!

26.12.2011 Аўтарская калонка Андрэя Бастунца 2588

У СМІ можна чытаць толькі загалоўкі. Усяго некалькі словаў, а які крэатыў, якая глеба для роздуму! Пасля адной з размоваў (аб якой крыху ніжэй) задаў у пошуку ТУТ.BY фразу «как много в этом слове». Вынікі ўразілі.

У СМІ можна чытаць толькі загалоўкі. Усяго некалькі словаў, а які крэатыў, якая глеба для роздуму! Пасля адной з размоваў (аб якой крыху ніжэй) задаў у пошуку ТУТ.BY фразу «как много в этом слове». Вынікі ўразілі. 

Вось толькі некаторыя прыклады творчых дасягненняў калег:
«Лицензия, как много в этом слове!» («Экономическая газета»),
«БАТЭ! Как много в этом слове…» («Советская Белоруссия»), 
«Контракт: как много в этом слове…» («Народная газета»),
«Октябрь. Как много в этом слове» («РЭСПУБЛIКА») ,
«Дзяды — как много в этом слове…» («Белорусские новости»),
«Мафия, как много в этом слове…» («Вечерний Минск»),
«Семья, как много в этом слове» (у розных артыкулах «Минский Курьер» і  «Бабруйскае жыццё»).

Але справа не толькі ў «буянні фантазіі» аўтараў. 

Па-першае, дакладна гэты фрагмент гучыць крыху інакш: «Как много в этом звуке»

Варта аддаць належнае некаторым журналістам, якія прадэманстравалі сваю дасведчанасць:
«ГАИ, как много в этом звуке…» («Автодайджест on-line»),
«Шенген. Как много в этом звуке!» («Вечерний Брест»). «Компьютерные Вести оn-line» наогул выкарысталі адразу два варыянты: «Corel — как много в этом слове…» і «Halo, как много в этом звуке…»).

Па-другое — характэрна, чым гэты крылаты выраз заканчваецца. Памятаеце? «…Для сердца русского слилось!» (А. С. Пушкін, «Евгений Онегин».)

Але ж усе вышэйпералічаныя словы павінны былі адазвацца ў сэрцах, прабачце, пераважна нярускіх!
У якой жа знакавай сістэме, з выкарыстаннем якіх культурных кодаў — нават не ўсведамляючы гэтага, — працягваюць размаўляць са сваёй аўдыторыяй беларускія СМІ?

Пра гэта мы і гутарылі ў пятніцу ў купэ з Алесем Анціпенкам і Максімам Жбанковым, вяртаючыся з камандзіроўкі. І пра тое, што СМІ, зразумела, павінныя арыентавацца на аўдыторыю, але ўсё ж паступова ствараць свой — наш — культурны кантэкст, карыстацца сваімі сучаснымі кодамі (сярод якіх не толькі ж бульба, чарка ды шкварка, Купала з Коласам ды «Песняры»). Гутарылі і пра тое, што на гэта патрэбны час, і што, напрыклад, у музычных крамах ужо падзяляюць беларускіх і расійскіх выканаўцаў, але CD апошніх усё ж стаяць асобна ад «замежнай музыкі» …

Пасля не ведаю ўжо якой чаркі без шкваркі я ўзгадаў, што і сам аднойчы выкарыстаў гэты папулярны, як высветлілася, «матыў» — у вершы. Які і прачытаў цалкам:

«Москва… как много в этом звуке
Для сердца русского, в натуре!»

І яшчэ адзін уласны верш ўзгадаў, з таго самага сшытку, аптымістычны:

«Я возвращаю Ваш портрет,
Ведь жизнь кончается не завтра...»

Як казаў герой «айчыннага» фільма,
«Ну… за сказанное!».