1146

"Новы Замак" прэзентавалі ў Гродне

28.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Альманах гродзенскай філіі Cаюзу беларускіх пісьменнікаў прадставілі ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Часопіс "Новы Замак" адметны тым, што сярод яго аўтараў вялікя колькасць беларускіх журналістаў.

Рэдактарам часопіса з’яўляецца Сяргей Астравец, сталы аўтар "Радыё Свабода", чалавек з якім звязана ў Гродне выданне газеты “Пагоня” .

На прэзентацыі Сяргей распавёў, што менавіта ў гэтыя дні 25 год таму ў свет выйшаў першы нумар газеты і павіншаваў усіх прысутных з гэтай датай.

А таксама Астравец распавёў пра адметнасці нумара. Прозу і вершы ў гэтым нумары прадаставілі такія журналісты як Сяргей Астравец, Сяргей Чыгрын, Віктар Сазонаў і Андрэй Мялешка. Журналістка Інга Астраўцова прадставіла ў нумары свае "Кінагісторыі", а старонку "Памяць" у нумары прысвяцілі пайшоўшаму ў іншы свет журналісту і паэту Юрыю Гуменюку.

Сустрэча цягнулася больш за дзьве гадзіны, і пісьменнікі, і паэты маглі не толькі прадставіць свае творы, а выказаць рэакцыю на творы сваіх калег.

Пра альманах распаавядае кіраўнік гродзенскай філіі Cаюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка:

Альманах гэты прадставіў цэлы спектр гродзенскіх аўтараў не толькі з Гродна, але і з гарадоў Гродзенскай вобласці. На сённяшні час многа выдаецца па Беларусі розных часопісаў. А наш адметны тым, што абіралі так, каб гэта быў высокамастацкі твор. І гэта адзінае. Ніякіх палітычных, ніякіх іншых абмежаванняў, калі выдаваўся гэты альманах, — не было. Працаваў над ім галоўны рэдактар Сяргей Астравец — ён аддаў гэтаму нумару душу, сэрца, вольны і працоўны час. Падыходзіў да аўтараў з разуменнем, каб быў матэр’ял, які варта чытаць. І я магу адзначыць, што ў нумары выдатная паэзія, добрая проза.

На думку рэдактара "Новага замку" Сяргея Астраўца нумар адметны тым, што ў ім нарэшце з’явіліся апавяданні пра горад, пра Гродна, гродзенскія гісторыі, у якіх гісторыя звязана з сучаснасцю, сягае ў наш дзень, гэта апавяданні, якія напісаў Віктар Варанец.

Гэты нумар "Новага Замку" можна знайсці на палічках Цэнтра гарадскога жыцця ў Гродне.

Фота Андрэя Мялешкі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!