844

Новы год пачаўся для журналіста са штрафу за супрацоўніцтва ў "Белсатам"

10.01.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Журналіста аштрафавалі за сюжэт пра дэфіцыт угнаенняў

Суд Пастаўскага раёна прызнаў глыбоцкага журналіста Змітра Лупача вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП — за працу без акрэдытацыі пры беларускім МЗС.

Суддзя Наталля Максімовіч пакарала журналіста штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (612,5 рублёў). Падставай для гэтага стаў сюжэт на тэлеканале “Белсат” пра дэфіцыт угнаенняў у Пастаўскім раёне.У ім распавядалася пра праблему, якая існуе ў сельскай гаспадарцы: угнаенні гадамі ляжаць на складах, бо калгасы не маюць грошай, каб іх набыць, а фермерам-прыватнікам іх не дазваляюць прадаваць.

Паводле Змітра Лупача, ён не лічыць сябе вінаватым, бо ён не вырабляе ніякай прадукцыі, якую яму ставяць у віну. Гэта робіць рэдакцыя, а не фізічная асоба. А збіраць і распаўсюджваць інфармацыю ён мае права згодна з Канстытуцыяй Беларусі.

—  Я думаў, што мне дадуць большы штраф, бо гэта ў мяне ўжо пяты суд па гэтым артыкуле. І ўсе штрафы даваліся з нарастаннем: спачатку было 30 базавых велічыняў, потым 35, 40. Можа таму, што цяпер новы год, суддзя Пастаўскага райсуда вырашыла вынесці меншы штраф, а потым будзе ўжо большы? Чаму так, не ведаю.

У 2017 годзе па артыкуле 22.9 КаАП Змітра Лупача прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці чатыры разы і агулам штраф склаў 3 105 беларускіх рублёў.

Сёлета год для журналіста зноў пачаўся з абвінавачвання за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ. Паводле гэтага артыкула за 2017 год журналісты тэлеканала “Белсат” заплацілі дзяржаве каля 14 000 долараў.