1871

«Новы Час» зноў не пусцілі ў распаўсюд

14.09.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

У чарговы раз кіраўніцтва РУП «Белсаюздрук» і РУП «Белпошта» адмовілі ў распраўсюдзе штотыднёвіка «Новы Час» праз сваю сетку.

Яшчэ 12 жніўня рэдакцыю накіравала просьбу ў гэтыя ўстановы аб распаўсюдзе «Новага Часу» праз гандлёвую сетку РУП «Белсаюздрук» і ўключэнні ў падпісны каталог РУП «Белпошта», паведамляе штотыднёвік.

«Газета «Новы Час» — штотыднёвік, які надае вялікую ўвагу нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы і актыўна прапагандуе палітыку кіраўніцтва нашай краіны ў той частцы, якая накіравана на захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама на захаванне і распаўсюджванне беларускай мовы, — было напісана ў лісце да гэтых устаноў. — «Новы Час» — адно з нямногіх рэспубліканскіх выданняў, якія выдаюцца цалкам на беларускай мове. Спадзяемся, што 2016 год, абвешчаны кіраўніком дзяржавы Годам культуры, стане добрай нагодай для пачатку нашага працяглага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».

РУП «Белсаюздрук» абмежаваўся адным сказам, у якім паведаміў, што распасюд «Новага часу» праз іх гандлёвую сетку «не плануецца».

РУП «Белпошта» спадобілася адказаць амаль на старонку, дзе патлумачыла, што ўключаць нас у каталог яны не абавязаны.

"Такім чынам, цуду не адбылося. Хаця пэўныя спадзяванні ўсё ж былі. Хаця б таму, што гэтым разам я прасіла заступіцца за газету намесніцу міністра замежных спраў Алену Купчыну. І яна абяцала сваю падтрымку, бо, казала, «газета цікавая». Але, відаць, МЗС цяпер менш важны за Мініфарм. Яно і праўда. Выбары ўжо адбыліся, Еўропа нікуды не дзенецца — прызнае. А беларускай мовы, відаць, і так багата", — піша галоўны рэдактар выдання Аксана Колб.