135 0

«Новы Час» падаў скаргу на кіраўніцтва СІЗА №1

19.05.2017 Крыніца: «Новы Час»

Газету «Новы Час» рэгулярна не перадаюць нашым падпісчыкам, якія знаходзяцца ў СІЗА №1 Мінска. Як мы мяркуем, не перадаюць па надуманых падставах і не зусім законна.

У СІЗА №1 Мінска зараз знаходзіцца больш за дзясятак нашых падпісчыкаў. Гэта і фігуранты «справы патрыётаў», і «самы беларускі мытнік» краіны, і Алесь Юркойць, і іншыя людзі, родзічы якіх падпісалі іх на выданне. Але адказныя за перапіску ў СІЗА №1 рэгулярна вяртаюць газету ў рэдакцыю.

Паштовыя адпраўленні прыходзяць з пазнакай, што на падставе артыкула 19 Закона РБ, які рэгулюе парадак і ўмовы ўтрымання пад вартай, а таксама артыкуле 89 Крымінальна-выканаўчага кодэксу РБ, «газеты, часопісы, крыжаванкі — дазволеныя толькі па падпісцы праз паштовыя аддзяленні сувязі».

Рэдакцыя «НЧ» з гэтым не згодная. Сапраўды, артыкул 19 Закона РБ «Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай», тыя яго палажэнні, якія тычацца сродкаў масавай інфармацыі, кажа: «У мэтах самаадукацыі асобы, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, маюць права карыстацца літаратурай і выданнямі перыядычнага друку з бібліятэкі месца ўтрымання пад вартай або набытымі праз адміністрацыю месца ўтрымання пад вартай у гандлёвай сетцы, падпісвацца на газеты, часопісы і атрымліваць іх».

Але пры гэтым артыкул ніяк не рэгулюе саму форму падпіскі, то бок, не абмяжоўвае падпіску на газеты і іншыя перыядычныя выданні толькі аддзяленнямі паштовай сувязі. Падпіска на газету «Новы Час» ажыццяўлялася родзічамі вышэйзгаданых затрыманых у рэдакцыі выдання. І гэта таксама — цалкам законная форма падпіскі. Калі «асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай», маюць права падпісвацца на газеты і часопісы, то не істотна, самі яны падпішуцца, альбо іх падпішуць сябры і блізкія.

Тым больш, што ў артыкуле есць два апошніх слова: «атрымліваць іх». Тут ужо зусім усё зразумела: калі чалавеку, які знаходзіцца ў СІЗА, выслалі зарэгістраваную Міністэрствам інфармацыі газету, ён мае права яе атрымаць.

Тым не менш, «дазваляльны» артыкул 19 Закона РБ «Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай» намаганнямі адміністрацыі СІЗА №1 ператварыўся ў «забараняльны».

Яшчэ цікавей сітуацыя выглядае з артыкулам 89 Крымінальна-выканаўчага кодэксу РБ. Ізноў жа, у тым, што тычыцца атрымання газетаў, у ім паведамляецца: «Асуджаным да пазбаўлення волі дазваляецца атрымліваць у пасылках, перадачах, бандэролі і дробных пакетах пісьмовыя прыналежнасці, набываць праз гандлёвую сетку літаратуру, а таксама без абмежавання падпісвацца на газеты і часопісы за кошт уласных сродкаў звыш сум, устаноўленых для расходавання на прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці».

Але, выбачайце, гэты артыкул тычыцца толькі тых, хто асуджаны да пазбаўлення волі. Людзі, якія знаходзяцца ў следчым ізалятары, утрымліваюцца пад вартай да суда, у дачынанні да іх абраная такая мера стрымання, як «знаходжанне пад вартай». Яны не з’яўляюцца «асуджанымі да пазбаўлення волі». Ім могуць у любы момант абраць іншую меру стрымання, выпусціць пад падпіску аб нявыездзе (што неаднаразова ўжо было), альбо проста адпусціць, скасаваўшы ўсе абвінавачванні.

Такім чынам, палажэнні артыкула 89 КВК на тых, хто знаходзіцца ў СІЗА да суда, — не распаўсюджваюцца.

Рэдакцыя «НЧ» неаднаразова спрабавала вырашыць гэтую праблему тэлефанаваннем да адказных асобаў СІЗА. Але марна. Таму мы вырашылі звярнуцца да кіраўніка Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргея Дарошкі і кіраўніка СІЗА №1 з адпаведнай скаргай. 19 мая гэтыя скаргі былі накіраваныя кіраўніцтву СІЗА №1 і ў ДВК заказным лістом з паведамленнем. Да іх таксама прыкладаюцца канверты з тыповым вяртаннем.

Рэдакцыя «Новага часу» просіць у ДВК і кіраўніка СІЗА №1 наступнае:

1. Правесці тлумачальную работу сярод персаналу СІЗА №1 палажэнняў заканадаўства. Прынамсі, патлумачыць персаналу розніцу паміж «затрыманым», «падазраваным» і «асуджаным».

2. Дазволіць перадачу газеты «Новы Час» у СІЗА №1 г. Мінска ўсім асобам, чые родзічы падпісалі іх на выданне.

Мы спадзяемся, што пісьмовы зварот да адказных асобаў дазволіць выправіць гэтую сітуацыю. І «Новы Час» у СІЗА №1 Мінска ўсё ж патрапіць.

На заканчэнне адзначым хочацца толькі адзначыць: ні ў адной іншай установе нашай пенітэнцыярнай сістэмы мы не назіраем такіх праблемаў, як з СІЗА №1 Мінска. Больш за тое, нам не прыходзяць «вяртанні» нават з СІЗА КДБ, куды мы таксама адпраўляем газету затрыманым па «справе патрыётаў».

Будзем спадзявацца, што «Валадарка», як яе называюць у народзе, выправіцца.

Каментары