318

Новая спроба прыцягнуць да адказнасці блогера, які адзеў дырэктарку школы з Гомеля ў чорную ўніформу

26.09.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля разглядаецца новы пазоў дырэктаркі школы № 3 Гомеля Ніны Старажэнка да мясцовага блогера Арцёма Шапарава. Заяўніца праз суд абараняе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю і патрабуе спагнаць з блогера  5 тысяч рублёў маральнай шкоды, а таксама судовыя выдаткі ў памеры 347 рублёў. Лічыць, што блогер, змясціўшы на YouTube  і ў “Вконтакте” відэаролік, у застаўцы якога заяўніца адзетая ў чорны нацыскі мундзір афіцэра СС, прынізіў яе гонар і дзелавую рэпутацыю. Тым больш, што школа № 3 носіць імя Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Пенязькова.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/611-saporov-740x400-1-1.jpg

Пазоў Арцём Шапараў не прызнаў, патлумачыў, што ў школе “вучыўся кепска”. Уніформа, на яго думку, максімальна падобная на форму “паштальёна Расіі” ці “расійскага чыгуначніка”.

Падзеі развіваліся наступным чынам. У траўні блогер Шапараў вырабіў відэасюжэт, у якім расказаў гісторыю шматдзетнай маці Антаніны Шайнюк – яна адна гадуе чатырох дзяцей. Яе сям’ю Ніна Старажэнка пагражала паставіць на ўлік як сацыяльна ненадзейную. Дырэктарцы школы не спадабалася, што маці чатырох дзяцей несвоечасова сплачвае камунальныя плацяжы, яе дачок-школьніц часцяком даглядае бабуля, а ў кватэры беспарадак, абадраныя шпалеры ды адчуваюцца непрыемныя пахі ад хворай аўчаркі, якую кіраўніца школы настойліва раіла ўсыпіць.

Шматдзетнай сям’і аказала фінансавую дапамогу Нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч, а гамельчукі сабралі грошы на аперацыю хворай аўчаркі. Сям’я расплацілася з запазычанасцямі і вылечыла сабаку.

Тым часам дырэктарка школы палічыла, што блогер Шапараў абразіў яе гонар, годнасць і дзеларую рэпутацыю. Яна падала заяву ў Савецкі райаддзел міліцыі, але там не знайшлі пацвярджэння знявагі. Справу перакваліфікавалі паводле  артыкула 17.10 КаАП – прапаганда  і распаўсюд нацысцкай сімволікі. Застаўку да відэасюжэта міліцыя накіравалі на экспертызу.  Вынікі яе разам з пратаколам аб адміністрацыйным парушэнні былі перададзеныя на разгляд у суд. 

12 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу Арцёма Шапарава. Прынята да ўвагі хадайніцтва блогера на парушэнне ягонага права на ўдзел у правядзенні экспертызы, зробленай, як заяўляў Шапараў, аднабакова і неякасна.

Але мінула два месяцы з моманту “аддзявання” дырэктаркі школы ў нацысцкую форму,  і міліцыя цалкам спыніла адміністрацыйную справу, заведзеную, як выглядае, дзеля абароны школьнага адміністратара. На гэты конт Арцём Шапараў атрымаў афіцыйны ліст за подпісам начальніка міліцыі Савецкага раёна  Андрэя Баранца.

Тэрміну даўнасці па справе знявагі гонару і годнасці не існуе, таму дырэктарка школы Ніна Старажэнка ў верасні нанова падала пазоў у суд на блогера Шапарава, патрабуючы спагнаць з яго, як вынікае з пазову, прычыненую маральную шкоду.

11 кастрычніка суд Чыгуначнага  раёна Гомеля  працягне разгляд гэтай грамадзянскай справы.