1313

Новая правакацыя супраць Андрэя Павука — забойства, якога не было

05.10.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Увечары 4 кастрычніка на тэлефон блогера, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Павука з райцэнтра Акцябрскі пазваніў аператыўны дзяжурны РАУС Алег Дзяменкавец. Спраўджваў, што здарылася.

Забойства, якога не было

Паводле дзяжурнага, у міліцыю паступіў тэлефонны званок нібыта з нумара самога Павука, які і паведаміў, што “забіў сваю жонку Вольгу”.

Аператыўнікі на кватэру сям’і Павука не прыязджалі, бо Вольга сама патэлефанавала ў “дзяжурку” райаддзела міліцыі сказаць, што гэта дзікая правакацыя.

“Я запісаў гэтае паведамленне нібыта ад майго імя. Нейкая п’яная ці з добрымі акторскімі задаткамі асоба назвалася маім імем, указала наш з жонкай хатні адрас і паведаміла пра забойства. Голас нізкі, язык заплятаўся. Мяркую, што гэта зрабілі тыя ж самыя рэжысёры, што раней ад майго імя дасылалі ілжывыя паведамленні пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага суда. Трывожна і непрыемна”, –  кажа Андрэй Павук.

“Андрэй Бараноўскі, што ў раёне дзеецца?!”

Пра вечаровы інцыдэнт Андрэй з Вольгай запісалі для Youtube-канала відэаролік, у якім звярнуліся да дзейнага старшыні Акцябрскага райвыканкама: “Андрэй Бараноўскі, разбярыцеся, што ў раёне дзеецца?!”

5 кастрычніка Андрэй Павук з жонкай наведалі райаддзел міліцыі.

“Мне там адкрыта сказалі, што хулігана не знойдуць – маўляў, не высвеціўся код рэгіёна.Аднак Вольга ўсё адно напісала заяву”, – дадае блогер.

“У маёй заяве выказана патрабаванне з трох пунктаў. Па-першае, знайсці зламысніка. Высветліць матывацыю яго тэлефанавання, а таксама ўстанавіць алгарытм выкарыстання тэлефона мужа для супрацьпраўных і небяспечных гульняў”, – сказаласлужбе маніторынгу ГА “БАЖ” Вольга Павук.

Новая правакацыя супраць блогера Павука ўчынена на тле разгляду ў судзеяго пазову да міліцыі ў звязку з абвінавачваннем у мініраванні райвыканкама. Праз суд блогер мае спагнаць з Акцябрскага раённага аддзела ўнутраных спраў 25 тысяч рублёў маральнай шкоды.