НЕ - ВАЙНЕ!
261

“Ніхто ўжо не гуляе ў гульні. Маскі знятыя”. Які парадак дня журналістам фармуе міністр інфармацыі

20.01.2023 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі ўсё больш упэўнена пераўвасабляецца ў класічных ідэолагаў, адсоўваючы на задні план рэальныя праблемы, якія мусіць уздымаць “чацвёртая ўлада”.   

Напярэдадні міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў наведаўся ў Наваполацк з працоўным візітам. Галоўнай мэтай паездкі акрэслівалася сустрэча з ідэалагічным актывам горада, а таксама працоўнымі калектывамі мясцовых СМІ. Аднаасобна заняўшы месца пад тэкстам дзяржаўнага гімна ў прэзідыуме, чыноўнік з месца ў кар’ер пачаў палохаць гарадскіх актывістаў страшнымі перспектывамі. 

"У бліжэйшыя год-два тыя бітвы, якія былі ў Беларусі ў 2020-м, пададуцца кветачкамі. Ніхто ўжо не гуляе ў гульні. Маскі знятыя", — заявіў Уладзімір Пярцоў, не ўдакладніўшы, каго гэтым разам улады падазраюць у спробе “разгайдаць беларускую стабільнасць”.   
  
Зрэшты, у пазнейшых выказваннях усё ж патлумачыў, што гаворка, мабыць, пра “гібрыдную вайну”, якую калектыўны Захад распачаў у адносінах да саюзнікаў — Мінска і Масквы.  

“Супраць Беларусі, Расіі ідзе інфармацыйная вайна. І пакуль бітвы мы не прайграем", — упэўнены міністр інфармацыі.  

Пры гэтым ён адзначыў, што журналісты дзяржаўных СМІ — гэта байцы перадавых шэрагаў інфармацыйнага супраціву, якія бяруць на сябе галоўны ўдар варожых сіл. І параіў не захапляцца новымі тэхналогіямі, а засяродзіцца на традыцыйных і правераных метадах “данясення праўды” — праз тэлевізар, радыё, газеты.   

"Адна з задач журналістаў — працаваць з памылковымі поглядамі, якія існуюць перадусім у асяродку нашай моладзі. Маўляў, газеты, радыё, тэлебачанне — гэта ўсё састарэла. А ісціна – у сацсетках і месенджарах”. 

А менавіта ў несяброўскім інтэрнэце, папярэдзіў Уладзімір Пярцоў, апаненты ўжо расставілі свае пасткі на неакрэплыя розумы. Але Беларусь — “краіна плюралізму”, абмяжоўваць доступ да інфармацыі ніхто не збіраецца, заявіў чыноўнік, з чым, уласна кажучы, можна паспрачацца.  
 
“Заканадаўча перавесці сацсеткі ў рэжым “халоднай стужкі” мы не можам, ды і няма сэнсу. Але і выключаць усё цалкам — метады і інструменты калегаў з іншых краін", — давёў рэальны стан да аўдыторыі Уладзімір Пярцоў. 

З актавай залы гарвыканкама кіраўнік Міністэрства інфармацыі перадыслакаваўся ў рэдакцыю тэлепраграмы "Вектар ТБ", куды падцягнуліся і журналісты газеты "Новополоцк сегодня". І ў немалой ступені агаломшыў новай метадычкай: нельга рэгіянальным медыям апускацца да “нікчэмных тэмаў”.  

"Апаненты хайпуюць на драбнатэмнасці. У прыватнасці, раздзімаюцца да нездаровага ўзроўню камунальныя праблемы, сітуацыя са школамі,  дзіцячымі садамі і іншыя. Адзін са свежых прыкладаў — праблема водазабеспячэння ў Пружанах. І гэта яшчэ адзін спосаб апанентаў стварыць негатыўны настрой у беларускім грамадстве", — “выкрыў” ён непатрэбную актыўнасць незалежных СМІ. 

Праўда, са свайго боку так і не падказаў калегам, якія менавіта тэмы трэба ўздымаць — акрамя выцягнутага з нафталіну “патрыятычнага выхавання”. Параіў толькі пасля працы не спяшацца дадому.   

"Калі прыбярэм фармальны падыход да працы (гаворка пра тое, што ў 18.00 рэдакцыя закрываецца на ключ і творчая дзейнасць заканчваецца), то ў 2024 год мы ўвойдзем магутнай рэгіянальнай сілай. Аператыўнасць, аб'ектыўнасць і незамоўчванне праблемы — слупы для журналістаў", — аптымістычна падсумаваў Уладзімір Пярцоў.

Паралельна ягоны намеснік у ведамстве Ігар Бузоўскі адзначыўся на прэзентацыі вучэбнага дапаможніка, выдадзенага Следчым камітэтам, пад назвай "Компьютерная информация в следственной деятельности: собирание, оценка, использование" — аўтарская праца навукоўцаў і парктыкуючых следчых, як удакладняецца ў анатацыі. 

Як і бос, Ігар Бузоўскі гэтаксама казаў пра небяспеку бескантрольнага ўплыву на маладых беларусаў у сучасным свеце і прыярытэце інфармацыйная бяспекі.

"Інфармацыйная бяспека сёння вельмі актуальная не толькі для вузкапрофільнай дзейнасці асобных галін міністэрстваў і ведамстваў, а і для ўсёй дзяржавы, кожнага чалавека паасобку. Неабходна напрацоўваць медыяпісьменнасць як праз метадычныя дапаможнікі, так і праз зносіны са спецыялістамі, абменьвацца вопытам. Кожны карыстальнік інтэрнэта — удзельнік інфармацыйнага поля. Таму важна разумець, што адбываецца ў сетцы, ведаць, як правільна дзейнічаць і адстойваць свае інтарэсы".

Па сутнасці, дзейнасць Міністэрства інфармацыі Беларусі звялася да ідэалагічнай напампоўкі падначаленых медый і мэтанакіраванай зачысткі інфармацыйнага поля ад іншадумства. Разам з Міністэрствам унутраных спраў і Камітэтам дзяржбяспекі ведамства з’яўляецца трэцім па важнасці агрэгатарам звестак пра аб’яўленыя “экстрэмісцкімі” рэсурсы, колькасць якіх у абагульненай базе набліжаецца да паўтары тысячы.   

Чытайце яшчэ:

“Дзеля свабоды выказвання меркаванняў і перакананняў”. Кваліфікацыйны іспыт на “лаяльнасць” ад Мінінфармацыі

10 гадоў таму ў Гродне загінуў паэт і журналіст Юрый Гумянюк

У “Гомельскія ведамасці” прызначылі падпалкоўніка міліцыі

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!