НЕ - ВАЙНЕ!
219

Нібыта “замах” на прапагандыста Азаронка пракваліфікавалі ў “тэракт”. Фігуранту пагражае жорсткі прысуд

14.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Фігуранту справы “Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі”  Дзмітрыю Сасноўскаму прад'явілі больш жорсткае абвінавачанне. Як перадаюць дапушчаныя на працэс афіцыйныя СМІ, адзін з артыкулаў перакваліфікаваны з падрыхтоўкі тэракту на тэракт. Гаворка пра замах на прапагандыста дзяржаўнага тэлеканала СТБ Рыгора Азаронка.

11 лістапада Мінскі абласны суд працягнуў разгляд крымінальнай справы   нефармальнай арганізацыі "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі", якую ў жніўні мінулага года ўлады прызналі “тэрарыстычнай”. Па справе праходзяць пяць фігурантаў: Дзмітрый Сасноўскі, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак і Аляксей Глотаў. 

У абвінавачанні гаворыцца пра шэраг “учыненых злачынстваў”: нібыта пра “планаванне выкрадання і пазбаўлення волі грамадскага дзеяча Рыгора Азаронка”, “меркаваныя выбухі на базе расійскай вайсковай часткі ў Вілейцы”, “падрыхтоўку падпалу спецтэхнікі ў Бярэзінскім лясгасе”. Усё астатняе — гэта “стварэнне і адміністраванне экстрэмісцкага Telegram-канала і распаўсюд заклікаў да экстрэмізму і тэрарызму”.

Падчас пасяджэння анансаваліся спрэчкі бакоў, але замест гэтага стала вядома, што аднаму з фігурантаў, Дзмітрыю Сасноўскаму, пракурор прад'явіў новае абвінавачанне, якое істотна пагаршае ягоныя перспектывы.

У прыватнасці, сцвярджаецца, што ён запланаваў “наўмысныя дзеянні, накіраваныя на падрыхтоўку да акта тэрарызму ў дачыненні да палітычнага аглядальніка Рыгора Азаронка”. А гэта значыць, рыхтаваўся не выпадковы напад, а “спланаваны тэракт”.

У адпаведнасці з абноўленым артыкулам 289 Крымінальнага кодэкса, “акт тэрарызма” можа пацягнуць пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.

Падсудны віну не прызнаў і папрасіў выклікаць у якасці сведкі Рыгора Азаронка. Ці прынятае хадайніцтва — дакладна невядома, але ў судзе абвешчаны перапынак да 22 лістапада. Новае абвінавачанне далучана да матэрыялаў крымінальнай справы.

Раней Дзмітрый Сасноўскі падчас аднаго з пасяджэнняў расказаў, што ў межах так званага “следчага эксперыменту” сілавікі самі “ўцягнулі” яго ў злачынства, а затым катавалі дзеля патрэбнага “прызнання ў тэрарызме”.

Згодна з матэрыяламі справы, у арганізацыю быў укаранёны нехта Гардзееў, штатны супрацоўнік КДБ. Як сцвярджае Дзмітрый Сасноўскі, менавіта ён і "падштурхоўваў" яго арганізаваць “замах на Грышку”. 

Летась Вярхоўны суд Беларусі прызнаў "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі" тэрарыстычнай арганізацыяй. У рашэнні адзначаецца, што супольнасць створана ў верасні 2020 года “для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці”.

Больш за год фігуранты справы знаходзяцца пад вартай.

Чытайце яшчэ:

Фотографа нет на месте событий. Как медиа иллюстрируют публикации?

"Мама, я экстрэміст". Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"

«В целях обеспечения деятельности деструктивного канала». Что известно о первом деле за интервью «экстремистам» — против военного эксперта Егора Лебедка

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!