344

Ні слова пра каранавірус і карантын. Міліцыя пераследуе журналістаў за відэаапытанне пра эпідэмію

21.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: COVID-19

Пасля судовага пакарання буйным штрафам у дзень народзінаў за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, журналістка-фрылансер Ларыса Шчыракова атрымала новы адміністрацыйны пратакол з  Цэнтральнага РАУС Гомеля.

Усё той жа старшы інспектар, капітан міліцыі Пётр Грамадцоў склаў на Шчыракову новы адміністрацыйны паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

Ларыса Шчыракова

“Гэта адзін з самых дзіўных міліцэйскіх пратаколаў: пазначана, у колькі, з кім і дзе я знаходзілася 20 сакавіка, пералічаныя законы, артыкулы, іх часткі, якія я нібыта парушыла, але ні слова пра тое, якое менавіта супрацьпраўнае дзеянне я зрабіла”, — кажа Ларыса.

Журналістка дадае, што гэта ўжо другі варыянт новага пратакола, які даслаў капітан Грамадцоў. Першы наогул было немагчыма прачытаць з-за невыразнага почырку. Другі — не раскрывае сутнасць парушэння.

Падобны адміністрацыйны пратакол атрымаў і гомельскі сябра ГА “БАЖ” Андрэй Толчын.

20 сакавіка Толчын са Шчыраковай запісалі каля ўніверсітэта імя Францішка Скарыны кароткае відэаапытанне студэнтаў пра тое, ці трэба ў навучальных установах уводзіць карантын з прычыны эпідэміі каранавіруса. Відэзапіс працягласцю 30 секунд скарыстаў беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, які транслюе перадачы з Польшчы.

 Андрэй Толчын

“Ні для каго не сакрэт, што міліцыянты выконваюць загад зверху, змагаюцца з непадцэнзурнай інфармацыяй. Прасцей кажучы, са свабодай слова. Манітораць інтэрнэт і складаюць адміністрацыйныя пратаколы пра парушэнне Закона аб СМІ і Адміністрацыйнага кодэкса, не зважаючы, што пры гэтым самі парушаюць і нацыянальнае заканадаўства пра свабоду збору і распаўсюду інфармацыі, і міжнародныя прававыя дакументы, якія ратыфікавала Беларусь”, — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Толчын.

Паводле міліцэйскіх пратаколаў, складзеных у папярэднія гады на падставе артыкула 22.9 КаАП, суды Гомельскай вобласці каралі буйнымі штрафамі Андрэя Толчына звыш дзесяці разоў, Ларысу Шчыракову — больш за 20 разоў. Апошні штраф (945 рублёў) журналістка-фрылансер атрымала ў свой дзень народзінаў 13 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!