83 0

Незалежныя журналісты ў Гомелі аднаўляюць памяць пра архітэктара Шабунеўскага

08.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельская філія  ГА “БАЖ” супольна з курсамі “Мова Нанова” і дыскусійным клубам "Міжрэчча" зладзіла 6 лістапада сустрэчу з гараджанамі, прысвечаную 150-годдзю з дня народзінаў выбітнага беларускага архітэктара Станіслава Шабунеўскага.

Станіслаў Данілавіч нарадзіўся 2 снежня 1868 года ў вёсцы Скароднае цяперашняга Ельскага раёна. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі і Пецярбурскім інстытуце грамадзянскіх інжынераў на курсе архітэктуры. Пачынаючы з 1897 года, служыў у Гомелі на пасадзе гарадскога архітэктара, выбіраўся ў земства ад польскай курыі.

Дзякуючы бездакорнаму густу, таленту і прафесіяналізму Шабунеўскі напрыканцы XIX – пачатку ХХ стагоддзя быў вельмі запатрабаваным архітэктарам. Яго будынкі можна пабачыць сёння ў розных гарадах Беларусі і суседняй Расіі. Але найбольшы ўклад Шабунеўскі зрабіў у архітэктуру Гомеля.

На сустрэчы сябры БАЖ, гісторык Марыя Булавінская і архітэктар Сяргей Ляпін, прэзентавалі 3D мадэль гатэля “Савой”, спраектаванага Шабунеўскім. Цалкам будынак не захаваўся, але частка яго склала аснову сучаснага кінатэатра імя Калініна.

“Было багата размоў пра спадчыну Шабунеўскага. Маладыя людзі, у тым ліку і будучыя архітэктары, разважалі пра цяперашняе архітэктурнае аблічча Гомеля. Больш пільную ўвагу выгляду горада мусяць надаваць медыі, журналісты”, — пракаментавала імпрэзу карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Марыя Булавінская.

У дарэвалюцыйныя часы па праектах Станіслава Шабунеўскага ў Гомелі ўзведзеныя мужчынская класічная гімназія (цяперашні асноўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту), будынкі шпіталяў па вуліцы Камісарава, даходны дом Грошыкава (на рагу Білецкага — Баўмана), дом доктара Аляксандрава (Ірынінская, 11), чыгуначная вучэльня (Кісялёва, 2), Арлоўскі банк (вугал Савецкай – Ірынінскай), Віленскі банк (на рагу Савецкай — Сялянскай) ды іншыя.

Пасля Кастрычніцкага перавароту Шабунеўскі працягнуў сваю прафесійную дзейнасць на карысць любімага горада. Архітэктар паспеў спраектаваць у Гомелі «шэры дом» (Пушкіна, 26), «Дом рыбы» (пр-т Леніна, 31) Дом камуны (пр-т Леніна, 51).

У 30-я гады мінулага стагоддзя Шабунеўскага двойчы арыштоўвалі — спачатку АГПУ, затым НКУС. Згінуў выбітны архітэктар у 1937 годзе ў ГУЛАГу на Беламорканале.

Гомельскія незалежныя журналісты лічаць ўшанаванне памяці гэтага чалавека важнай справай як для Гомеля, так і для ўсёй краіны. Дзеля  гэтага прапануецца пераназваць цяперашнюю вуліцу Камсамольскую ў імя Станіслава Шабунеўскага. Каля аднаго канца згаданай вуліцы – былая мужчынская гімназія, спраектаваная ім, каля другога, на месцы цырку, стаяў прыватны дом архітэктара, дзе жыў архітэктар. Сабрана ўжо звыш 120 подпісаў пад электронным зваротам, які актывісты намераныя накіраваць у Гомельскія гарвыканкам і гарадскі Савет дэпутатаў.

Каментары