251

Незалежную журналістку з Бярозы Тамару Шчапёткіну чакае новы суд

31.10.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі-фрылансера Тамары Шчапёткінай прызначаны на 5 лістапада ў судзе Бярозаўскага раёна. Журналістку будуць судзіць за парушэнне заканадаўства аб СМІ – працу ў якасці карэспандэнта замежнага СМІ без акрэдытацыі пры беларускім Міністэрстве замежных спраў.

Нагодай для судовага пераследу стаў рэпартаж “У Белаазёрску прэзентавалі юбілейны нумар “Жырандолі””, які быў размешчаны на сайце “Радыё Рацыя”. 

Як паведаміла Тамара Шчапёткіна, гэтым разам пра суд ёй нагадалі двойчы – даслаўшы позву па пошце і па тэлефоне. Пры гэтым першапачаткова суддзя Наталля Вакульчык, да якой трапіў адміністрацыйны пратакол на журналістку за працу без акрэдытацыі, вярнула дакумент у міліцыю на дапрацоўку.

У якасці доказаў вінаватасці Шчапёткінай фігуруюць фотаздымкі, перададзеныя ў міліцыю загадчыцай бібліятэкі, дзе адбывалася прэзентацыя часопіса “Жырандоля”.  На здымках бачна, як журналістка бярэ інтэрв’ю ў пісьменнікаў. Гэтага хапіла для складання адміністрацыйнага пратакола.

Цягам трох апошніх месяцаў у дачыненні Тамары Шчапёткінай адбыліся тры суды паводле артыкула 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Агулам журналістка пакарана штрафамі больш чым на 2 тысячы рублёў.