3424

Незалежную журналістку Таццяну Смоткіну пакаралі штрафам на 4,5 млн рублёў

28.07.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці прызнаў незалежную журналістку вінаватай у парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ).

Паводле міліцэйскіх пратаколаў, журналістцы паставілі ў віну супрацоўніцтва з замежным сродкам масавай інфармацыі без адпаведнай акрэдытацыі. Справу супраць Таццяны Смоткінай завялі пасля з’яўлення на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча) артыкула “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі”.

– Гэта быў матэрыял пра тое, што навучэнцы Глыбоцкай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча размалявалі гарадскія люкі, “ператварыўшы” іх у чарапашак, рыбак, гузікі ды іншыя забаўкі. Пасля выхаду матэрыялу старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла склаў на мяне пратакол. Прычым не патлумачыў мне правы і абавязкі асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, пра што я ў тым самым пратаколе і напісала заўвагу, – кажа Таццяна Смоткіна.

Журналістка хадайнічала, каб судовы працэс праходзіў на беларускай мове, але гэтае хадайніцтва адхілілі. Сведка-супрацоўніца райвыканкама, словы якой цытаваліся ў артыкуле, у суд не прыйшла.

Як вынікае з матэрыялаў справы, яе ініцыявала Глыбоцкая пракуратура. Менавіта гэтая структура даручыла міліцыі правесці праверку, ці мае журналістка акрэдытацыю ў якасці карэспандэнта замежнага СМІ. Вынік праверкі быў адмоўны, але Таццяна Смоткіна лічыць, што, паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны грамадзянін мае права атрымліваць інфармацыю і дзяліцца ёй з іншымі.

– Ніякія тлумачэнні не дапамаглі мне сёння давесці суддзі Людміле Вашчанка тое, што я маю права збіраць і размяшчаць інфармацыю. Я з’яўляюся журналістам-фрылансерам і магу супрацоўнічаць з кім заўгодна. Я катэгарычна не згодная з сённяшнім рашэннем, – расказала журналістка прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Судовае рашэнне Таццяна Смоткіна збіраецца абскарджваць у Віцебскім абласным судзе. Такую ж скаргу рыхтуе і яшчэ адзін незалежны глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач: 23 ліпеня старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак таксама аштрафавала яго на 25 базавых велічынь паводле таго ж артыкула 22.9 ч.2 КаАП за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Суд над Таццянай Смоткінай быў ужо 27-м падобным судом сёлета. Агульная сума штрафаў журналістам паводле арт. 22.9 КаАП на сёння складае 137 млн 780 тыс. рублёў (больш за 8 тыс. еўра).

У чаканні судоў знаходзіцца яшчэ шэраг журналістаў, на якіх складзеныя пратаколы па 22.9 КаАП: у прыватнасці, Алесь Ляўчук, Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч, Аліна Літвінчук і Ігар Барысаў.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП