144 0

Незалежную журналістку пакаралі штрафам за супрацоўніцтва з “Радыё Рацыя”

11.09.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Тамару Шчапёткіну вінаватай у парушэнні часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэнняў.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/shchapetkina-sud-baranavichy-1.jpg

Тамара Шчапёткіна абвінавачвалася ў тым, што два месяцы таму зрабіла інтэрв’ю з удзельнікамі імпрэзы, якая ладзілася ў доме-музеі Адама Міцкевіча ў Завоссі Баранавіцкага раёна, а пасля размясціла матэрыял на сайце “Радыё Рацыя”.

Судовы працэс пачаўся са спазненнем, бо не было тых, хто складаў адміністрацыйны пратакол, і галоўнага сведкі – дырэктара музея.

Тамара Шчапёткіна паведаміла суду, што пра нібыта здзейсненае правапарушэнне даведался толькі тады, калі ёй патэлефанаваў незнаёмы чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі. Аднак сам пратакол быў складзены без удзелу журналісткі і копія дакумента дасланая ёй па пошце па месцы жыхарства ў Бярозе. Пры гэтым Шчапёткіна заўважыла: у пратаколе было пазначана, што яна нібыта адмовілася падпісваць дакумент, што з’яўляецца хлуснёй.

У часе суда – нечакана для Тамары Шчапёткінай і ўсіх удзельнікаў працэсу – суддзя Юліана Шчэрба заявіла, што на журналістку быў складзены і іншы пратакол, які будзе далучаны да справы.

Што да апытаных сведкаў, то яны пацвердзілі, што ладзілі экскурсію для наведнікаў музея (сярод іх была Тамара Шчапёткіна), і не бачаць ніякіх парушэнняў у тым, што пра экскурсію быў зроблены рэпартаж на “Радыё Рацыя”.

А вось супрацоўнікі міліцыі, якія складалі пратаколы, у суд так і не з’явілся.

Тым не менш, суддзя Юліана Шчэрба абвесціла, што Тамара Шчапёткіна вінаватая ў парушэнні заканадаўства аб СМІ, бо здзейсніла незаконны выраб інтэрв’ю і змясціла на сайце “Радыё Рацыя”, не маючы акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь у якасці журналіста. Паводле рашэння суддзі, фрылансеру з Бярозы быў прызначаны штраф у памеры 40 базавых велічынь (980 рублёў). 

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА

Каментары