386

Незалежную журналістку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 5 базавых. Яна дома

04.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Затрыманая міліцыяй прэвентыўна 3 жніўня сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова знайшлася  сёння ў ізалятары часовага ўтрымання. Вечарам яе асудзілі і пакаралі штрафам у 5 базавых велічынь.

Афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў паведаміў 4 жніўня карэспандэнту Службы маніторынга ГА "БАЖ", што Ларыса Шчыракова затрымана супрацоўнікамі Гомельскага РАУС у межах адміністрацыйнай справы аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суд у дачыненні журналісткі прызначаны на 15.00.

30 жніўня Шчыракова вяла стрым з шматтысячнага маршу незалежнасці і міру ў Гомелі. Пасля акцыі журналістку перастрэлі каля яе прыватнага дома людзі ў цывільным і адвезлі ў Гомельскі РАУС. Там ёй зрабілася блага. Шчыракову даставілі ў шпіталь інвалідаў вайны, які знаходзіцца непадалёку ад райаддзела міліцыі, у тым жа Навабеліцкім раёне Гомеля. Журналістка скардзілася на галаўны боль, таму яе  шпіталізавалі.

На наступны дзень Шчыракову па яе просьбе выпісалі са шпіталя. Дома заставаўся 13-гадовы сын, якога да таго ж трэба было збіраць у школу.

Суд над Шчыраковай мусіў адбыцца 3 верасня. Аднак напярэдадні журналістцы патэлефанавала сакратарка суддзі Тамары Застаўнецкай з Гомельскага раённага суда і папярэдзіла, што адміністрацыйны пратакол у дачыненні яе накіраваны  назад у РАУС на дапрацоўку — у суд прыязджаць не трэба.

А вечарам Ларысу Шчыракову затрымалі зноў-такі супрацоўнікі Гомельскага РАУС  і прэвентыўна даставілі ў ізалятар. Непаўнагадовы сын журналісткі не мог патрапіць дадому, паколькі з-за арышту маці застаўся без ключоў.

"Позна ўвечары, — расказвае бабуля хлопчыка Тамара Шчыракова, — міліцыя прывезла ўнука да мяне дадому. Сёння ён не пайшоў у школу, бо да гэтага часу не можам патрапіць у свой дом". 

Тамара Астапаўна дадала, што збірае дачцы перадачу, каб паехаць у ізалятар і заадно ўзяць ключы ад дома. Пра суд над дачкой на момант размовы з карэспандэнтам маніторынга ГА "БАЖ" жанчына яшчэ не ведала.

У суд Гомельскага раёна Ларысу Шчыракову не прывезлі. Тут яе чакалі журналісты, праваабаронцы, гараджане. Каля 16-й гадзіны памочніца старшыні суда Кушнярэвіч паведаміла, што Шчыракову будуць судзіць на выяздным пасяджэнні суда непасрэдна ў  Гомельскім РАУС. Каля 17-й гадзіны група падтрымкі прыехала да райаддзела міліцыі.  Праз некаторы час сюды прыйшла з кіёчкам і Тамара Астапаўна, маці Шчыраковай. З ёю быў і сын Ларысы Святаслаў.

Нікога з прысутных у будынак РАУС не пусцілі. Паставы старшы сяржант Рудзянок тлумачыў: "Вы ж ведаеце, якая сітуацыя ў краіне, таму цывільных у аддзел не пускаем". Тым не менш, міліцыянт абяцаў паведаміць, калі будзе разглядацца справа Шчыраковай.

Яшчэ гадзіну  прысутныя чакалі вынікаў разгляду адміністрацыйнай справы. На пачатку 19-й гадзіны той жа старшы сяржант заявіў, што  Шчыраковай у райаддзеле няма.

Тамара Астапаўна звярнулася ў аддзел з вуснай заявай аб прапажы дачкі. Старшы сяржант запісаў хатні адрас жанчыны і абяцаў дакласці дзяжурнаму РАУС.

А 19-й гадзіне ў прэс-службе УВД Гомельскага аблвыканкама паведамілі, што Ларыса Шчыракова не прапала, яна аштрафавана на падставе артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на 5 базавых велічыняў (135 рублёў) і хутка будзе дома.

Сын Ларысы чакаў маці ў прыцемках ў двары дома яшчэ каля гадзіны. Журналістка прыехала дахаты толькі на пачатку 21-й гадзіны.

Шчыракова паведаміла Службе маніторынгу ГА "БАЖ", што напярэдадні, калі яна была на занятках вакальнага гуртка ў РДК, ёй патэлефанаваў участковы інспектар Гомельскага РАУС і папрасіў прыехаць.

"Гэта блізка  ад райаддзела міліцыі. Я думала, што мяне выклікаюць, каб удакладніць пратакол, складзены інспектарам Окуневым за асвятленне маршу міру 30 жніўся. Аднак капітан міліцыі Алег Кемель склаў пратакол  на падставе артыкула 23.34 КаАП за рэпост у сацыяльнай сетцы акцыі салідарнасці са студэнтамі Мінска. Пасля складання пратакола ў мяне хацелі ўзяць адбіткі пальцаў, але я адмовілася.

Супрацоўнік міліцыі Руслан Цітоў склаў яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне міліцыі. Пасля гэтага мяне і адправілі ў ізалятар, нягледзячы на тое, што дома застаўся непаўнагадовы сын", — распавяла сама Ларыса Шчыракова.

Яна паведаміла таксама, што два адміністрацыйныя пратаколы суддзя Гомельскага раённага суда Фядосава сапраўды разглядала ў актавым зале райаддзела міліцыі і на падставе двух вышэйзгаданых пратаколаў аштрафавала Ларысу на 5 базавых велічыняў. Да вызвалення журналістка знаходзілася ў РАУСе на вуліцы Сцяпана Разіна.

Міліцыянты наўмысна  ўводзілі ў зман сваякоў ды іншых прысутных, каб яны не сустрэлі журналістку пры вызваленні.

Чаканні працэсу ў Гомельскім раённым судзе

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!