1095

Незалежнага журналіста вінавацяць у незаконным апытанні грамадскай думкі

15.08.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Старшы ўчастковы інспектар Лоеўскага РАУС Андрэй Хічоў склаў ужо пяты адміністрацыйны пратакол на гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага пасля затрымання ў райцэнтры 21 чэрвеня.  Гэтым разам паводле артыкулу 9.28 КаАП – незаконнае  правядзенне апытання грамадскай думкі і распаўсюд на тэлеканале “Белсат”.

Папярэднія тры пратаколы – абраза чыноўніц райвыканкаму, непадпарадкаванне і абраза першага намесніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары – Лоеўскі раённы суд адправіў на дапрацоўку. На падставе  чацвёртага, складзенага  маёрам Хічовым па артыкулу 17.1 КаАП,  суддзя Антаніна Музычэнка вынесла Жукоўскаму мінімальны штраф – тры базавых велічыні. Штраф гэты фрылансер аспрэчвае ў абласным судзе.

– Мы паказалі  не толькі гаротны стан лоеўскіх прадпрыемстваў, але  і распавялі, што міліцыянты ў Лоеве парушаюць правы фрылансераў, а таксама мясцовых жыхароў, замест таго, каб іх абараняць.   Праўдападобна, цяпер міліцэйскія начальнікі не могуць супакоіцца – імкнуцца неяк нашкодзіць, – лічыць журналіст.

Затрыманне ў Лоеве мясцовымі міліцыянтамі гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Аляксея Атрошчанкі  мела розгалас. Каб не даць зрабіць відэаздымкі камбіната будаўнічых матэрыялаў, разбірацца з фрылансерамі прыехалі спачатку намесніца старшыні райвыканкама па ідэалёгіі Наталля Кавурава і кіраўніца спраў Ірына Пастухова.

Яны выклікалі супрацоўнікаў ДАІ, а пасля да камбінату прымчаў на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі і сам начальнік РАУС Уладзімір Бухаўцоў. Фрылансераў даставілі  у райаддзел міліцыі, дзе да Жукоўскага беспадстаўна  ужывалі гвалт, нанеслі цялесныя пашкоджанні. З гэтай прычыны фрылансер напісаў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэту, які да гэтага часу не завяршыў праверку.

Фота bankoboev.ru

Збітыя міліцыяй журналісты Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанкаў здымаюць пабоі. Міністр МУС Шуневіч абяцае разабрацца

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!