1703

Невядомыя стварылі фэйкавы сайт-копію “Полесье-медиа”

15.04.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Партал без дазволу перадрукоўвае кантэнт беларускіх выданняў, а адзін з раздзелаў “Полесье-Медиа” называецца “Donbass” і змяшчае інфармацыю пра жыццё так званай Данецкай Народнай Рэспублікі.

Лагатып сайта вельмі падобны да лагатыпу вядомага рэгіянальнага выдання “Медиа-Полесье”, журналісты якога і заўважылі парушэнне ўласных аўтарскіх правоў.

Як высветлілася, адрас сайта, зарэгістраванага ў зоне .by, адрозніваецца ад арыгіналу толькі адным сімвалам. На сайце-копіі без спасылкі штодзённа з’яўляюцца арыгінальныя матэрыялы выдання “Медиа-Полесье”.

– Я была проста шакаваная такім нахабным крадзяжом нашых матэрыялаў і нашага дызайнерскага лагатыпа, у якім на сайце-копіі словы проста памяняныя месцамі. Цікава, што ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” створаная і група падтрымкі прывіднага сайту, праз якую невядомыя распаўсюджваюць матэрыялы нашага выдання, – гаворыць стваральніца і галоўны рэдактар “Медиа-Полесье” Святлана Гарда.

Звязацца з аўтарамі прывіднага сайту магчымасці няма, бо на старонцы адсутнічаюць які-кольвек кантакты.

Але, на думку намесніка старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Бастунца, стваральнікаў выдання вельмі хутка павінна будзе знайсці міліцыя.

– Гэта ўжо не першы выпадак, калі мы заўважаем з’яўленне падобных фэйкавых старонак. Магчыма, гэта звязана з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і мае на мэце ў гэты перыяд нейкім чынам адцягнуць аўдыторыю вядомага незалежнага рэгіянальнага выдання.

У дадзеным выпадку рэдакцыі “Медиа-Полесье” трэба тэрмінова звярнуцца ў міліцыю з заявай аб пошуку ўладальнікаў сайта-копіі і прыцягненні іх да адказнасці за парушэнне аўтарскіх правоў, за што ў Беларусі прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць, – распавёў Бастунец прэс-службе ГА “БАЖ”.

Адметна, што адзін з раздзелаў сайта-копіі называецца “Donbass” і змяшчае інфармацыю пра жыццё так званай Данецкай Народнай Рэспублікі.

– Я лічу, што гэта адназначна спроба дыскрэдытаваць наша выданне. І мірыцца з такім нахабствам мы не будзем. На дадзены момант мы ўжо натарыяльна заверылі факт перадрукоўкі нашых матэрыялаў і перапрацоўкі нашага лога, з чым збіраемся звяртацца ў міліцыю і суд, – дадае Святлана Гарда.