472

Невядомыя спрабавалі ўвайсці ў facebook i telegram супрацоўнікаў "Нашай Нівы"

20.03.2019 Крыніца: "Наша Ніва"

За апошні месяц мы зафіксавалі некалькі спробаў незаконных уваходаў у акаўнты, якія належаць аўтарам, — паведамляе «Наша Ніва».

Гаворка ідзе пра месенджары і сацыяльныя сеткі. 

У прыватнасці, невядомыя спрабавалі ўзламаць фэйсбук Арцёма Гарбацэвіча і зайсці ў тэлеграм Андрэя Дынько. 

Сёння раніцай была зафіксавана спроба няўдалага ўваходу ў тэлеграм Кацярыны Карпіцкай. 

У апошнім выпадку той, хто спрабаваў гэта зрабіць, карыстаўся спецыяльнымі магчымасцямі і, найхутчэй, меў клон сім-карты, на якую атрымаў дасланы праграмай лічбавы код. Паводле логаў, гэта адбылося раніцай у 06:54. Як атрымаць клон сім-карты? Трэба або фізічна сцягнуць арыгінал і зрабіць яго копію, або запытаць дадзеныя ў мабільнага аператара. 

Аднак у акаўнце стаяла двайная аўтарызацыя, таму пасля ўвядзення лічбавага кода праграма запытала дадатковы пароль, які злачынца не ведаў. 

Дзеянні такога характару можна трактаваць у рамках крымінальнага кодэксу. 

Праз тое, што спроба ўзлому была няўдалай, невядомыя не здолелі знішчыць свае сляды, таму мы маем ІР-адрас, з якога рабілася спроба. Гэта беларускі ІР-адрас. 

Наяўнасць відавочных слядоў дазваляе звярнуцца да праваахоўных органаў, каб высветліць асобы тых, хто незаконна цікавіўся асабістай і карпаратыўнай інфармацыяй.

Таксама гэта пакідае пытанні да мабільнага аператара, у сістэме якога існуе некалькі копій адной сім-карты, — паведамляе «Наша Ніва».