НЕ - ВАЙНЕ!
588

"Нельга весці жывыя стрымы з любой вулічнай акцыі": як змены ў Выбарчы кодэкс паўплываюць на працу журналістаў

08.11.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Тыдзень таму завяршылася абвешчанае ўладамі “грамадскае абмеркаванне” праекта закона "Аб змене Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь" ад 11 лютага 2000 года. Што рыхтуюць новаўводзіны для “стэрылізаваных” беларускіх і замежных журналістаў, разбіралася служба маніторынгу БАЖ.   

Да канца года Выбарчы кодэкс павінен быць падпісаны 

Пра “цікавасць” да падзеі, на якую адвялі ўсяго 10 дзён (24 кастрычніка — 2 лістапада) сведчыць нават афіцыйная статыстыка: 150 прапаноў і дапаўненняў з больш чым 6,5 мільёна патэнцыйных выбарнікаў. Агулам на рэдагаванне тэксту ананімным экспертам хапіла крыху больш за 80 старонак.  

Нягледзячы на адсутнасць нават намёку на публічны “аншлаг”, арганізатар кампаніі — Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў — пагрузіўся ў “сістэматызацыю атрыманых заўваг”. Паводле прагнозу старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі, які перайшоў сюды з крэсла міністра адукацыі, а раней ідэолага Мінгарвыканкама і лідэра артадаксальных камуністаў — да канца года Выбарчы кодэкс павінен быць падпісаны кіраўніком дзяржавы. Ён нагадаў: з верасня 2023-га краіна ўступае ў “актыўную фазу” рэалізацыі прынцыпова новай мадэлі — адзінага дня галасавання на расійскі ўзор.

Чыноўнікі заяўляюць, што дакумент распрацаваны “дзеля прывядзення нормаў выбарчага заканадаўства ў адпаведнасць з Асноўным законам, а таксама ўдасканалення яго палажэнняў з улікам практыкі прымянення”.

Пры гэтым палітычныя эксперты звяртаюць увагу, што ў абсалютнай большасці папраўкі носяць касметычны характар і не маюць уплыву на выбарны працэс.

Іншымі словамі, дзесьці тэхнічна памянялі месцамі коскі/кропкі, недзе да агітацыйнай трыбуны ў выглядзе друкаваных выданняў і тэлебачання дадалі “глабальную сетку інтэрнэт”.

Забарона на фатаграфаванне бюлетэняў, апытанкі грамадскага меркавання

Але ёсць і больш радыкальныя новаўводзіны, якія абмяжоўваюць занадта “ліберальныя рэчы”. Напрыклад, адмена парогу яўкі выбарцаў або забарона на фатаграфаванне бюлетэняў і вынас іх з участка для галасавання. Яшчэ адна навацыя — паўторная выдача бюлетэня ўзамен сапсаванага не дапускаецца.

Але ці не самая значная карэктыва тычыцца вяртання да эсэсэсэраўскай ідэі партыйных з’ездаў — сёлета ў лютым на так званым рэферэндуме ў Канстытуцыю ўвялі настальгічна-асноватворны прынцып “руководящей и направляющей” ролі Усебеларускага народнага сходу ў арганізацыі выбараў. Пасля гэтага мэтазгоднасць Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі наогул падаецца бессэнсоўнай, бо “вялікі хурал” перацягвае на сябе ў тым ліку і ўмоўна заканадаўчыя функцыі.  

Рэгулюецца і для медыяў месца ў электаральных кампаніях — гаворка найперш пра дзяржаўных прапагандыстаў, бо незалежная журналістыка ў Беларусі знішчаная як з’ява, а акрэдытаваныя замежныя СМІ абмяжоўваюцца пераважна расійскімі рэдакцыямі.

На тлумачэнне дзейнасці абяззброенай “чацвёртай улады” адводзіцца артыкул №46. Апускаючы “праўкі на палях”, у абноўленым варыянце ўдакладняецца, хто з журналістаў мае права асвятляць такую важную падзею як “выбарчая кампанія”. Як і трэба было чакаць у цяперашняй сітуацыі, выпадковых людзей там не можа быць апрыёры. 

“Прадстаўнік сродку масавай інфармацыі — журналіст або асоба з  дакументам, які сведчыць пра яго паўнамоцтвы прадстаўніка юрыдычнага суб’екта з ускладзенымі функцыямі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі. Журналіст замежнага медыя абавязаны мець пацверджаную акрэдытацыю супрацоўніка замежнага СМІ ў Рэспубліцы Беларусь”, — тлумачыцца ў скарэктаванай версіі. 

Фактычна гэта ўсё, што трэба ведаць пра падыход да супрацы ўлады са СМІ падчас выбараў. У астатнім — тэхнічная канатацыя публічных зваротаў кандыдатаў у прэзідэнты/дэпутаты праз медыйныя пляцоўкі.

“Кандыдаты ў прэзідэнты і ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць права на бясплатныя выступы па дзяржаўным тэлебачанні і радыё, — агаворваецца ў дакуменце. — Нацыянальная тэлерадыёкампанія рэзервуе эфірны час для перадвыбарчай агітацыі з разліку не менш як 60 хвілін па працоўных днях за 20 дзён да дня выбараў. Прайм-тайм павінен прыпадаць на перыяд, калі тэле- і радыёпраграмы збіраюць найбольшую аўдыторыю”.

Таксама ЦВК вызначае пералік друкаваных выданняў, дзе ўдзельнікі “гонкі” могуць выкласці свае праграмы — звычайна гэта датацыйныя газеты з прымусовай падпіскай кшталту “СБ. Беларусь сегодня”, “Рэспубліка”, “Народная газета”, “Звязда”. Для патэнцыйных народных абраннікаў ніжэйшага звяна магчымасць самапіяру куды больш сціплая, яна выкладзена ў наступнай рэдакцыі.

“Кандыдат у дэпутаты абласнога, гарадскога, раённага Савета дэпутатаў мае права на бясплатнае размяшчэнне сваёй перадвыбарнай праграмы на афіцыйным сайце мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ў глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт у спецыяльнай рубрыцы, прысвечанай выбарам”, – канстатуецца ў тэксце законапраекта.

Дзеля справядлівасці, жорсткія межы для журналістаў, за якія заступаць папросту небяспечна, акрэсленыя не столькі згаданым дакументам, колькі законам аб дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Яго Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 мая 2021 года.

Было ўхвалена, што пашыраецца пералік інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ і на інтэрнет-рэсурсах забаронены.

У прыватнасці, накладзена табу на вынікі апытанняў грамадскай думкі, праведзеных без адмысловай акрэдытацыі. Не дапускаецца размяшчэнне гіперспасылак на матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, нелаяльную да дзяржаўных інстытутаў. 

Генеральны пракурор і падначаленая яму вертыкаль атрымалі права абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, праз якія распаўсюджваюцца звесткі, скіраваныя на “прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці” ці змяшчаюць заклікі да такой дзейнасці. Усё традыцыйна прыкрываецца “шкодай нацыянальным інтарэсам”.

Пад страхам крымінальнай адказнасці для журналістаў і кіраўнікоў медыяў нельга весці жывыя стрымы з любой вулічнай акцыі, паколькі гэта “нагнятае напружанасць у грамадстве”.

Выключэнне, калі падзея дзяржаўнай важнасці і асвятленне санкцыянавана пратакольнымі службамі прэзідэнцкай адміністрацыі.      

“Мінімізацыя замежнага ўплыву” на беларускі інфармацыйны рынак

Выпадкі спынення выпуску СМІ дапоўнены такой падставай, як аднаасобнае рашэнне Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы. Пры гэтым рэпрэсіўныя функцыі захоўваюцца і ў Міністэрства інфармацыі – напрыклад, у выпадку вынясення двух і больш пісьмовых папярэджанняў юрыдычнай асобе, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі, або ўладальніку сеткавага выдання.

Прапісаныя меры на “мінімізацыю замежнага ўплыву” на беларускі інфармацыйны рынак.

Незалежна ад часу стварэння СМІ, іх заснавальнікамі не могуць выступаць замежныя юрыдычныя асобы, замежныя грамадзяне, а таксама юрыдычныя асобы з замежным удзелам.

Уводзіцца магчымасць пазбаўлення акрэдытацыі журналіста, калі ім або юрыдычнай асобай з функцыямі рэдакцыі СМІ распаўсюджаны звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, або ўчынена наўмыснае супрацьпраўнае дзеянне ў працэсе прафесійнай дзейнасці.

Нарэшце, замацоўваецца магчымасць абмежавання доступу да копіі інтэрнет-рэсурсу, які раней ужо быў абмежаваны.

Такім чынам, паўнамоцтвы так званай “чацвёртай улады” у Беларусі зведзеныя да мінімуму, а яе галоўнай роляй зводзіцца выключна да  ідэалагічна-прапагандыскага абслугоўвання дзейнага палітычнага рэжыму.  

Не кажучы пра тое, што за апошні год шэраг незалежных медыяў  прызнаныя ўладамі “экстрэмістскімі” матэрыяламі ці фармаваннямі, усё больш журналістаў трапляюць у спісы сілавікоў як датычныя да экстрэмісцкай і нават тэрарыстычнай дзейнасці. Звыш трох дзясяткаў  супрацоўнікаў СМІ асуджаныя ці застаюцца за кратамі ў чаканні судовых вердыктаў.  

Чытайце яшчэ:

Снежана Инанец: «Даже не вспомню, когда я еще в жизни так долго и качественно бездельничала»

У Беларусі інтэрнэт перамог тэлебачанне

Сайт новостного агрегатора the True Story не открывается в Беларуси

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!