Некалькі соцень чалавек сустракалі ў аэрапорце нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Святлану Алексіевіч, якая вярнулася сёння са Стакгольма ў Мінск.
Пісьменніцу сустрэлі крыкамі "Ура!" і "Дзякуй!", многія прыйшлі з кветкамі. Алексіевіч сказала, што ёй вельмі радасна бачыць так шмат людзей. Паводле слоў пісьменніцы, яна "крышку захварэла" і "крышку стамілася".
Каментуючы па просьбе журналістаў адсутнасць у аэрапорце дзяржаўных СМІ і афіцыйных асоб, Святлана Алексіевіч сказала: "Гэта зразумела". Яна таксама дадала, што не чакала прысутнасці чыноўнікаў. "Мяне сустракае народ", — падкрэсліла Алексіевіч.
У бліжэйшых планах нобелеўскага лаўрэата — "проста адпачыць".
Рашэнне аб прысуджэнні Святлане Алексіевіч прэміі па літаратуры было абнародаванае Нобелеўскім камітэтам 8 кастрычніка. Прэмія ўручана за "шматгалосае гучанне прозы і ўвекавечванне пакутаў і мужнасці".
10 снежня кароль Швецыі Карл XVI Густаў уручыў беларускай пісьменніцы медаль і дыплом нобелеўскага лаўрэата на ўрачыстай цырымоніі ў Стакгольме.
Ні цырымонію ўзнагароджання, ні прамову Нобелеўскага лаўрэата беларускія дзяржаўныя тэлеканалы не транслявалі.