506

Недзяржаўная газета «Ганцавіцкі час» падала ў суд на Савет дэпутатаў за адмову ў акрэдытацыі журналістаў

09.08.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Як паведаміў журналістам старшыня Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Сяргей Кулак, на гэтым тыдні ў суд паступіла заява і матэрыялы да яе ад прыватнага прадпрыемства "Медыя-Ганцавічы".

Заява тычыцца адмовы Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў у акрэдытацыі супрацоўнікаў недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”, выдаўцом якой з’яўляецца ПВГУП "Медыя-Ганцавічы".  

У практыцы суда такая справа будзе разглядацца ўпершыню.

Сёлета ў сакавіку рэдакцыя газеты “Ганцавіцкі час” накіравала ў мясцовыя райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў ліст з просьбай акрэдытаваць супрацоўнікаў выдання для асвятлення дзейнасці гэтых органаў улады.

Аднак кіраўніцтва мясцовай “вертыкалі” адмовіла ў акрэдытацыі, спаслаўшыся на тое, што ў раёне ўжо ёсць адзін сродак масавай інфармацыі — газета “Савецкае Палессе”, заснавальнікам якой з’яўляецца Ганцавіцкі райвыканкам. 

Акрамя таго, у адказе сцвярджаецца, што ў Ганцавіцкім райвыканкаме не прадугледжаны парадак правядзення і атрымання акрэдытацыі. Падобная фармулёўка ўтрымліваецца і ў адказе, які рэдакцыя “Ганцавіцкага часу” атрымала з раённага Савета дэпутатаў: там журналістам выдання таксама адмовілі ў акрэдытацыі, бо яе парадак гэтай установай “не вызначаны”.