699

Недзяржаўная газета “Борисовские новости” не можа вырашыць праблемы з распаўсюдам

04.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Газета “Борисовские новости” па-ранейшаму адчувае цяжкасьці з наладжваньнем сістэмы распаўсюду праз буйныя гарадскія гандлёвыя сеткі.

Цяпер прыватная газета “Борисовские новости” прадаецца праз шапікі “Белсаюздруку” і аддзяленні “Белпошты”, а таксама праз некалькі невялікіх прадуктовых крам. Але выдавец адзначае, што гэтага недастаткова для ўстойлівага эканамічнага становішча і развіцця.

 Газета “Борисовские новости”

Адсутнасць “Борисовских новостей” у вялікіх гандлёвых сеткавых крамах негатыўна адбіваецца на роўных магчымасцях распаўсюду і канкурэнцыі на рэкламным рынку з іншымі друкаванымі выданнямі, у прыватнасці, з раённай дзяржаўнай газетай “Адзінства”.

Наладзіць супрацоўніцтва з гандлёвымі прадпрыемствамі газеце не ўдаецца. Па розных прычынах адміністрацыі крамаў адмаўляюцца ад заключэння дамоў на продаж выдання, зрэдку намякаючы на вонкавыя абставіны. Спробы ж вырашыць гэтае пытанне праз дзяржаўныя органы ўлады ніякіх вынікаў не даюць: чыноўнікі спасылаюцца на гаспадарчую самастойнасць суб’ектаў.

Атрымліваецца цікавая сітуацыя: з аднаго боку, у кулуарных размовах прадпрымальнікі зважаюць на чыноўнікаў, адмаўляючы свае магчымасці вырашыць праблему, а з іншага боку, чыноўнікі адмаўляюць сваю датычнасць да негалоснай забароны на супрацу з недзяржаўным выданнем.

Замкнёнае заганнае кола, у якое, дарэчы, патрапілі і іншыя грамадска-палітычныя рэгіянальныя выданні, наўрад ці можна скасаваць на ўзроўні мясцовых уладаў. Хутчэй за ўсё дадзеная праблема, як і ў мінулыя разы, можа вырашыцца толькі ў рэжыме “ручнога кіравання” на самым высокім узроўні.

Міністэрства інфармацыі адмовілася вырашаць праблемы з распаўсюдам "Борисовских новостей"