НЕ - ВАЙНЕ!
451

Нечаканая радасьць: зьняволены журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч сустрэўся з жонкай, сынам і ўнукамі

13.05.2022 Крыніца: Радыё Свабода

Сюрпрыз для палітвязьня Алега Грузьдзіловіча, які знаходзіцца ў Магілёўскім сьледчым ізалятары і чакае этапу ў калёнію, удалося арганізаваць ягонай жонцы Мар’яне.

Асуджаны на 1,5 года калёніі журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч за кратамі з 23 сьнежня. 12 траўня яму дазволілі сустрэцца ў СІЗА Магілёва з жонкай Мар’янай, сынам і трыма ўнукамі.

Мар’яна Грузьдзіловіч расказала Свабодзе дэталі спатканьня.

«Ён ведаў, што пасьля апэляцыйнага суду будзе спатканьне, але, я так мяркую, думаў, што толькі са мной. Аднак я зрабіла такі сюрпрыз прыемны, што ён убачыў усіх нас», — кажа Мар’яна Грузьдзіловіч.

Сюрпрыз для палітвязьня

Паводле яе слоў, Алег быў вельмі рады і шчасьлівы, што нарэшце сустрэўся з унукамі і сынам.

«Дзеці падрыхтаваліся па маёй просьбе. Я сказала, каб яны прадумалі, што раскажуць дзядулі, напрыклад, пра малюнкі, школу... Калі мы чакалі Алега, унукі схаваліся — прыселі пад сталом, а сын крыху адвярнуўся. Я ж стала ў поўны рост. І вось сын кажа сваім дзецям: „Раз, два, тры...“ І яны па камандзе ўсе ўсталі. Алег быў прыемна зьдзіўлены, — расказвае Мар’яна Грузьдзіловіч. — Паколькі спатканьне было на 2 гадзіны, я да гэтага папярэдзіла жанчыну, якая прывяла нас у пакой для спатканьня, што першыя 45 хвілін з Алегам размаўляюць праз трубку па чарзе ўнукі і сын. А потым яны пойдуць гуляць, а я застануся з мужам сам-насам, бо мне трэба абмеркаваць сур’ёзныя пытаньні — скаргі, жыцьцё ў калёніі і г.д.»

Палітынфармацыя для сябе і сукамэрнікаў

Мар’яна кажа, што Алега вельмі цікавіла палітычная абстаноўка ў Беларусі і сьвеце, асабліва вайна Расеі супраць Украіны.

«Ён прынёс аркуш паперы, ручку і запісваў з маіх слоў „палітынфармацыю“, каб далажыць там. Сказаў: „Хлопцы мяне не зразумеюць, калі я прыйду бяз самых апошніх навінаў“, — узгадвае Мар’яна.

Наконт умоваў утрыманьня ў Магілёўскай турме Алег на спатканьні сказаў, што знаходзіцца ў той жа камэры, што і раней. Паведаміў, што атмасфэра добрая — за апошні час паболела аднадумцаў, а шмат каго зь ягоных сукамэрнікаў, хто шмат курыў, ужо этапавалі ў калёніі.

Малюнак Алега Грузьдзіловіча

Цікавіўся Алег і справамі побыту. Дома ён за кветкамі даглядаў, і неяк у лісьце пацікавіўся ў жонкі: „Як там мае архідэі?“

«І вось днямі я падыходжу, адхінаю фіранкі. А яны расьцьвілі — бэзавыя, беленькія, жаўтаватыя кветкі. Так прыгожа! Я ўбралася, прычасалася, вусны падфарбавала, паставіла лямпы і зрабіла фатасэсію. Спачатку асобна іх сфоткала, потым сама ўстала. А за акном стаіць на пляцоўцы наша машынка, я нават не зьвярнула ўвагі, што і яна крыху выпадкова ў кадар трапіла».

Мар’яна Грузьдзіловіч з кветкамі

Гэтыя фатаздымкі Мар’яна Грузьдзіловіч раздрукавала на аркушах А4 у колеры і пасьпела аднесьці ў СІЗА раніцай у перадачы перад спатканьнем.

«Калі ўжо мы сустрэліся, я пытаюся ў яго, ці ён атрымаў фота. І ён сказаў:Так, ты там такая прыгожая“. Я кажу: „Гэта ня я там прыгожая, а архідэі, нават супрацоўніцы СІЗА захапіліся“. І машыну ён, дарэчы, заўважыў, думаў, што я спэцыяльна так фатаграфавала».

Малюнкі за кратамі

Мар’яна кажа, што ў зьняволеньні Алег Грузьдзіловіч шмат малюе.

«З апошняга намаляваў нас з унукамі з фатаздымка, які я яму даслала. І нядаўна Алег напісаў, што хлопцы ў камэры ўбачылі ягоныя малюнкі і цяпер робяць замовы — каб Алег зрабіў партрэты, напрыклад, іх жонак з фатаздымкаў, якія яны атрымалі, — расказвае Мар’яна. — А Алегу вельмі патрэбныя гумкі, ён жа малюе алоўкамі. Плюс у іх у камэры ёсьць красворды, і калі няма чым заняцца, сукамэрнікі разгадваюць іх па чарзе — панапісваюць і сьціраюць. Я яму ўчора набыла 7 гумак, аднак перадаць іх не дазволілі. У СІЗА сказалі, што можна толькі ў выпадку, калі гумка будзе на канцы алоўка».

Малюнак Алега Грузьдзіловіча

10 траўня менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыю на прысуд Алегу Грузьдзіловічу. Вырак пакінулі бязь зьменаў. Раней Алегу прысудзілі 1,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Цягам 5 працоўных дзён пасьля апэляцыі прысуд уступіць у сілу. Па словах Мар’яны Грузьдзіловіч, муж у бліжэйшым часе будзе падаваць скаргу на вырак на імя старшыні Менскага гарадзкога суду.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.

3 сакавіка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

За кратамі цяпер таксама журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!