1082

«Не выключаю замах на маё жыццё», — сталі вядомыя ПАДРАБЯЗНАСЦІ інцыдэнту з машынай Паўла Левінава

13.06.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Уначы з 11 на 12 чэрвеня невядомыя пашкодзілі аўтамабіль віцебскага праваабаронцы і сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Паўла Левінава. Ён напісаў заяву ў міліцыю пра верагодную спробу забойства.

12 чэрвеня Павел Левінаў заўважыў, што ў ягонай машыне не працуюць тармазы. Машыну завезлі ў аўтасэрвіс, дзе яе стала абслугоўваюць.

Да слова, апошні раз тармазную сістэму правяралі якраз там, і гэта было зусім нядаўна — 4 траўня. Тады ніякіх дэфектаў майстры не знайшлі, а гэтым разам паказалі гаспадару, што

каля левага пярэдняга кола перарэзаныя тармазны шланг і дрот. Праваабаронца ўбачыў тры парэзы: два неглыбокія, і трэці, які перасек шланг. Ён звярнуўся ў міліцыю.

— Міліцыянты пыталіся, у якую суму я ацэньваю матэрыяльны ўрон. Я заявіў, што гаворка вядзецца не пра гэта: не выключаю, што гэта замах на маё жыццё. І на жыцці неабмежаванай колькасці людзей. Той, хто нанёс пашкоджанні, рабіў гэта “ўсляпую”, навобмацак, бо так проста пад кола не залезці. Каб шланг разрэзалі не да канца і не выцекла ўся тармазная вадкасць, то я мог бы гэтага не заўважыць. Шланг парваўся б у дарозе, а машына магла вылецець на прыпынак ці на ходнікі, і здарылася б вялікая трагедыя, — гаворыць праваабаронца.

Ён прыгадвае, што гадоў 10 таму ўжо была падобная гісторыя: нехта адкруціў балты, прычым з таго самага левага кола. Тады Левінаў заўважыў гэта ў дарозе і паспеў спыніцца.

З тае пары ў яго з’явілася звычка аглядаць машыну, перш чым кранацца з месца. Таму ён і заўважыў лужыну тармазной вадкасці ўчорашняй раніцай.

Міліцыянты запэўнілі, што правядуць праверку па заяве, і яшчэ ўчора паабяцалі Паўлу Левінаву, што прыйдуць да яго дадому з апытаннем.