913

Не страціў свайго фірмовага пачуцця гумару. Медыяменеджар Канстанцін Залатых у чаканні суда

03.01.2023 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Больш за паўгода застаецца за кратамі палітвязень, дырэктар тыднёвіка “Белорусы и рынок” Канстанцін Залатых. Беларуская асацыяцыя журналістаў даведалася, з якім настроем ён сустрэў Новы год у няволі і якія перспектывы праглядаюцца наперадзе.  

Наталля Залатых, жонка палітвязня, адзначыла, што мужу дагэтуль не выстаўлена ўцямнага абвінавачання, таму перспектывы судовага працэсу досыць размытыя.  

“Стасоўна Косцiных спраў за гэтыя сем з паловай месяцаў, амаль што нiчога новага. Афіцыйнага абвiнавачання так i няма. Магчыма (але толькi магчыма), у студзені, а то нават i ў лютым, будзе суд. Але гэта яшчэ не пэўна, чакаем. Трымаецца ён, па словах адваката, добра. Прынамсі не схуднеў, пачуцця гумару не страцiў. Спадзяюся, на пачатку года хаця б будуць здольныя сфармуляваць, чаго яны ад яго хочуць, i што будзе суд”, — падзялілася са службай маніторынгу БАЖ Наталля Залатых. 

18 мая 2022 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі дырэктара найстарэйшай эканамічнай газеты краіны “Белорусы и рынок” Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно. 

Пасля допыту Александровіча і Кахно адпусцілі, а Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў жодзінскім следчым ізалятары. У чым канкрэтна яго вінавацяць, невядома дагэтуль. Мяркуючы па змесце пратакола, папярэдняя прычына нібыта ў «распальванні варожасці» (арт. 130 Крымінальнага кодэкса). 

Санкцыя артыкула прадугледжвае шырокі спектр пакарання — ад штрафу, што ў палітычных судах амаль не практыкуецца, да абмежавання волі (так званая “хімія”) ці рэальнага зняволення тэрмінам ад 3 гадоў.  

На пачатку чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным зняволеным.

У жніўні палітвязня перавялі з Жодзіна ў СІЗА №1 Мінска, там ён утрымліваецца дагэтуль.  

“Лiсты ад Косцi прыходзяць, як i раней, — толькi сваякам i, адпаведна, ад нас яму. А каб зразумець, цi даходзіць карэспандэнцыя, пішам як у афiцыяльным ліставанні: адказваю табе на лiст ад такога дня”, — расказала Наталля Залатых пра нюансы сувязі мужа з вонкавым светам.  

Ужо ў няволі Канстанцін Залатых стаў адным з герояў кнігі свайго даўняга сябра, аднакласніка, журналіста Змітра Бартосіка. Дакументальны збор пад незвычайнай назвай "Забіць упалмінзага" заснаваны на выпадкова знойдзеных дакументах пра антысавецкі супраціў у Беларусі. Сярод  непрыдуманых гісторый ёсць і біяграфічны эпізод з удзелам цяперашняга палітвязня Канстанціна Залатых. 

"Зайздрошчу ягоным сукамернікам", — лаканічна сказаў падчас віленскай прэзентацыі аўтар, асабліва адзначаючы выдатнае пачуццё гумару свайго найбліжэйшага сябра. 

Канстанцін Залатых — дасведчаны медыйны менеджар і вытворчы адміністратар, супрацоўнічаў з вядучымі незалежнымі СМІ і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі.  

Апошнім месцам працы была газета "Белорусы и рынок" — адно з рэдкіх выданняў, якой здолела захавацца пасля масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных рэдакцый. 

23 ліпеня 2022 года доступ да сайта газеты ў Беларусі быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі "з прычыны распаўсюду гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі". А на пачатку снежня пасля 32 гадоў дзейнасці рэдактарат абвясціў, што праз складаныя фінансавыя і палітычныя ўмовы прыпыняе выхад як друкаванай, так і электроннай pdf-версіі. Выдання няма ў каталогу "Белпошты" на першую палову 2023-га.

Пры гэтым літаральна следам Міністэрста інфармацыі нечакана выдала распараджэнне аб аднаўленні доступу да сайта belmarket.by — тут інфармацыйны кантэнт абнаўляецца.   

Чытайце яшчэ:

“Идеология, геноцид, слежка” — что случилось в 2022 году в правовом поле?

Мікіта Мелказёраў: Мы навучаныя з дзяцінства, што ёсць якаснае рускае, а наша — нібыта пародыя на ўсё

«Адсьвяткую ўсе прапушчаныя новыя гады і дні народзінаў, калі буду на волі». Андрэю Кузьнечыку споўнілася 44 гады

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!