233

“Не стала на шлях выпраўлення”: віцебскую блогерку аштрафавалі за стрым з “ланцуга салідарнасці”

23.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суд Віцебскага раёна 22 чэрвеня пакараў блогерку Алену Янушкоўскую штрафам у памеры 45 базавых велічынь (1 215 рублёў) паводле арт. 23.34 КаАП. Суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Алена Янушкоўская

Паводле міліцэйскага пратакола, 19 чэрвеня Алена Янушкоўская ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, дзе разам з іншымі ўдзельнікамі ” хлопала ў ладкі і выкрыквала лозунгі”. Жанчына даводзіць, што насамрэч вяла прамую трансляцыю з апошніх легальных пікетаў па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах і паказвала падпісчыкам свайго youtube-канала “Настоящая Беларусь”, як жыхары Віцебска рэагуюць на затрыманні Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі.

Суддзя зазначыў, што блогерка “не стала на шлях выпраўлення”, і што яна па-ранейшаму ходзіць на несанкцыянаваныя мерапрыемствы. Але “з улікам узросту і стану здароўя” прызначае ёй не максімальны штраф і не адміністрацыйны арышт.

Алена Янушкоўская кажа, што грошай на штрафы ў яе ў любым выпадку няма, бо няма магчымасці ўладкавацца на пастаянную працу. Жанчына мае трэцюю групу інваліднасці (хварэе на астму) і знайсці адпаведную стану здароўя працу не можа ўжо некалькі гадоў. Да ўсяго, сёлета яна перанесла дзве хірургічныя аперацыі. Што да заўвагі суддзі пра арышт, то ім Алену Янушкоўскую ўжо пакарала міліцыя: блогерку затрымалі 19 чэрвеня і пад вартай яна правяла амаль трое сутак да суду ўвечары 22 чэрвеня. За гэты час жанчына двойчы звярталася па медычную дапамогу — па дарозе ў ізалятар часовага ўтрымання і падчас знаходжання ў ізалятары.

«Я прымушаю ўлады працаваць». Як жыве блогерка з-пад Віцебска, якую 6 разоў аштрафавалі за сьнежаньскія пратэсты

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!