863

Названыя лепшыя суполкі і філіі ГА "БАЖ". Народнае і афіцыйнае галасаванне паказалі розныя ацэнкі

15.12.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Мінску адбыўся сход Рады ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Падчас сустрэчы былі агучаныя лепшыя філіі і суполкі арганізацыі, але цікава, што "народнае" і афіцыйнае галасаванне паказалі розныя ацэнкі дзейнасці. Таксама сябры БАЖ паслухалі справаздачы пра асноўныя кірункі дзейнасці ў 2018 годзе.

У пачатку сустрэчы Рады ГА "БАЖ" старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец згадаў пра непрыемныя для медыйнай супольнасці падзеі гэтага года: “справу БелТА”, пераслед журналістаў, блакіроўку сайтаў, справу супраць Алеся Ліпая. Сёлета ж адбыліся змены ў заканадаўстве аб СМІ.

З пазітыўных падзеяў года сябры арганізацыі назвалі салідарнасць з калегамі, шэраг адукацыйных курсаў ГА “БАЖ”, у тым ліку курс “10 крокаў да якаснай журналістыкі”, Лідарскі курс БАЖ, іншыя адукацыйныя мерапрыемствы.

“З сёлетніх падзеяў варта прыгадаць з’езд нашай арганізацыі, якія прайшоў у красавіку, святкаванне 100-годдзя БНР, удзел у якім узялі і журналісты, БАЖынкі, конкурс “Вольнае слова”, — сказаў Андрэй Бастунец.

Прадстаўнікі Рады абмеркавалі пытанне выплаты сяброўскіх унёскаў. У выніку было адзінагалосна прынята рашэнне зацвердзіць на наступны год памер унёскаў у дзве базавыя велічыні і даць права філіям і Праўленню БАЖ памяншаць памер унёскаў для пенсіянераў, людзей з інваліднасцю і людзей у цяжкай жыццёвай сітуацыі на 50%, а ў выключным выпадку — дазваляць не плаціць унёскі за нейкі прамежак часу. У такім выпадку гэта мусіць быць аформлена дакументальна.  

Марына Загорская і Андрусь Клікуноў распавялі пра шматлікія адукацыйныя курсы ГА “БАЖ”.

Сёлета была магчымасць вучыцца майстэрству на курсах па SMM, фота, рэпартажы, аналітыцы, арганізацыі працы прэс-службаў.

У наступным годзе плануецца зладзіць адукацыйныя курсы па PR, курс па журналістыцы траўмы, курс “Навіны па-новаму”, таксама будуць набіраць курс па працы ў сацыяльных сетках.

Марына Загорская заклікала сябраў БАЖ выказваць свае прапановы і пажаданні наконт таго, у якім фармаце лепш праводзіць заняткі, якія кірункі развіваць.

Выказаць сваё меркаванне можна ТУТ

Намесніца старшыні Аліна Суравец распавяла прысутным пра працу з рэгіянальнымі філіямі і суполкамі. Паводле яе слоў, надзвычай важнымі для арганізацыйнага развіцця былі лідарскія курсы. Дзякуючы ім у Беларускай асацыяцыі журналістаў з’явіліся актыўныя людзі, якія могуць займацца развіццём арганізацыі, увасабляць у жыццё цікавыя і актуальныя ідэі.

Выдатны прыклад тут — гродзенская ініцыятыва Hrodna Media Room пад кіраўніцтвам Вольгі Корсун.

Важна згадаць і супрацоўніцтва са шведскім медыяінстытутам FOJO, у межах якога ладзілася праграма “Канвергенцыя медыя”.

Сёлета была запушчана “Школа рэкламы”, ладзіліся праграмы бяспекі — дапамагалі рэдакцыям усталёўваць ліцэнзійны софт, вучылі бяспечна захоўваць інфармацыю.

На 2019 год, апрача іншага, запланаваны курс “Менеджары інфармацыі” разам з FOJO, будзе створаная “Школа спажывецкіх расследаванняў”, а таксама міжнародная сетка трэнераў.

 

Пра юрыдычны кірунак працы распавядала Вольга Сяховіч.

Яна заўважыла, што ў многіх выпадках юрысты ГА “БАЖ” дапамагаюць журналістам пазбегнуць юрыдычнага пераследу, судоў. Прадстаўнікі БАЖ абараняюць інтарэсы сябраў арганізацыі ў судах, дапамагаюць пісаць скаргі і звароты па просьбе сябраў арганізацыі, у тым ліку ў міжнародныя структуры.

“Мы займаліся прававой адукацыяй, рыхтавалі і выносілі на абмеркаванне папраўкі ў заканадаўства. БАЖ удзельнічае ў распрацоўцы дакументаў і аглядаў для міжнародных структур. Сёлета намеснік старшыні ГА “БАЖ” Алег Агееў прадстаўляў  альтэрнатыўны даклад у КПЧ ААН", — паведаміла прысутным Вольга Сяховіч.

Цяпер ГА "БАЖ" праводзіць шырокую кампанію за доступ журналістаў да інфармацыі "За права на інфармацыю". У межах кампаніі за доступ журналістаў да інфармацыі збіраюцца дадзеныя пра адкрытасць дзяржорганаў для медыя і грамадзян, пра інструменты працы міністэрстваў і ведамстваў з журналістамі, распавяла каардынатарка кампаніі Юлія Катаржынская.

Рэдактар сайта ГА "БАЖ" Вольга Хвоін і прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі распавялі пра інфармацыйную працу грамадскага аб'яднання.

Cайт кожны год нарошчвае аўдыторыю, а тэма камунікацый, інфармацыйнай бяспекі, сучасных тэхналогій цяпер запатрабаваная не толькі сярод прадстаўнікоў медыя.

Восенню ГА "БАЖ" выступіла партнёрам у арганізацыі вялікага Media Management and IT Forum. Агулам офлайн-падзеі цяпер ёсць перспектыўным і запатрабаваным у аўдыторыі кірункам.

Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец згадаў заканадаўства аб “дармаедах”. Для многіх журналістаў гэта актуальнае пытанне, бо нехта працуе на фрылансе, а нехта — на замежныя медыя. І ў выніку людзі атрымліваюць  ганебны цэтлік “дармаед”. Бастунец паабяцаў звярнуцца ў дзяржорганы з гэтай нагоды.

Нагадаем, ГА “БАЖ” у пачатку года вяло перапіску наконт таго, што арганізацыя не прызнаная творчым саюзам, сябры якога аўтаматычна не лічыліся б “дармаедамі”. Разам з тым у пералік творчых саюзаў быў уключаны Беларускі саюз журналістаў — арганізацыя, сябры якой займаюцца абсалютна аналагічнай творчай дзейнасцю.

 

Падчас Рады былі агучаныя найлепшыя рэгіянальныя філіі 2018 года

Сёлета было зладжанае народнае галасаванне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі філіяў і лідарскага курсу.

Паводле народнага галасавання лепшай названа Гродзенская суполка БАЖ.

Вольга Корсун

 

А вось вынікі афіцыйнага ўзнагароджання:

"За паспяховую і паслядоўную працу" дыплом атрымала Гродзенская суполка;

"За паспяховую рэалізацыю планаў філіі і гуртаванне супольнасці" — Лунінецкая філія ГА “БАЖ”;

Алена Насковіч — кіраўніца Лунінецкай філіі ГА “БАЖ”

"За разнастайнасць актыўнасцяў у філіі" — Брэсцкая філія БАЖ.

 

Лепшыя рэгіянальныя структуры ў 2018 годзе:

Магілёўская абласная суполка

Барыс Вырвіч

Маладзечанская філія

Дыплом атрымала кіраўніца Маладзечанскай філіі Зоя Хруцкая

 

Пераможца конкурсу: Гомельская філія ГА “БАЖ”.

Дыплом атрымаў кіраўнік Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Мікола Бянько

 

Лісты падзякі “За актыўны ўдзел у Эстафеце добрых спраў” атрымалі:

Слонімская суполка ГА “БАЖ”

Мікола Канановіч

 

Глыбоцкая суполка ГА “БАЖ”;

Слуцкая суполка ГА “БАЖ”

Вікторыя Крупская