На факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта адбылося пасяджэнне «назіральнага савета» пад старшынствам міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова. Гэты орган створаны на загад Аляксандра Лукашэнкі сёлета ў лютым на фоне заклікаў рыхтаваць «ідэйныя кадры» для афіцыйнай прапаганды.
Як удакладняецца ў справаздачы на сайце навучальнай установы, «членамі савета» з'яўляюцца прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, а таксама кіраўнікі буйных дзяржаўных СМІ: Белтэлерадыёкампаніі, «Сталічнага тэлебачання», АНТ, беларускага прадстаўніцтва МТРК «Мір», агенцтваў БелТА, «Мінск-Навіны», выдавецкага дома «СБ. Беларусь сегодня». Ад універсітэта туды камандзіраваныя прарэктарка па выхаваўчай працы Ганна Бакун і нядаўна прызначаны дэканам журфака Аляксей Бяляеў.
«Сустрэча тычылася дэталёвай прапрацоўкі пытанняў падрыхтоўкі будучых журналістаў. Размова вялася пра змену навучальных планаў і напаўненні новым актуальным зместам праграм спецыялістаў у галіне інфармацыі і камунікацыі. Удзельнікі звярнулі ўвагу на неабходнасць паглыблення практычнай падрыхтоўкі студэнтаў на базе буйных рэдакцый, тэле- і радыёстудый. Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў абяцаў садзейнічанне ў матэрыяльнай падтрымцы факультэта і закупцы неабходнага абсталявання», — гаворыцца ў выніковай публікацыі.
І калі ўніверсітэцкія «аглядальнікі» не сталі занадта злоўжываць ваяўнічым рэляцыямі апошняга часу, то Міністэрства інфармацыі ў сваёй справаздачы абышлося нават без двукоссяў.
У прыватнасці, даводзіцца, што пасяджэнне было прысвечанае праблеме перагляду зместу навучальных праграм у сувязі са змяненнем падыходаў да падрыхтоўкі сучаснага журналіста як байца інфармацыйнага фронту.
Такім чынам, задача выпускніка некалі паважанага факультэта журналістыкі цяпер палягае не ў здольнасці быць аб’ектыўным у асвятленні падзей, а ў гатоўнасці выконваць узгодненыя распараджэнні ўладных куратараў.
Пра гэта, уласна кажучы, сведчыць і рэзулятыўная частка нарады: «назіральны савет» прыняў рашэнне ўзмацніць практычны складнік у падрыхтоўцы будучых журналістаў, а таксама напоўніць навучальны план дысцыплінамі грамадска-палітычнага характару, якія дазволяць моладзі «больш глыбока і прафесійна разбірацца ў сістэме сучаснага ўладкавання грамадства».
Тэрміналогія пра «байцоў інфармацыйнага фронту» была звыклым штампам лектараў савецкага часу, але з надыходам незалежнасці журналістыка атрымала адносную свабоду дзеянняў. Цяперашнія «эліты» зноў скатваюцца ў рыторыку, без перабольшання, дзікую для ХХІ стагоддзя. У канцы лютага, падсумоўваючы вынікі дзейнасці медый у 2022 годзе, колішні міністр інфармацыі, а цяпер намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Ігар Луцкі смела адчыніў «партал» у мінулае.
«На журфаку БДУ неабходна рыхтаваць не проста журналістаў, а байцоў інфармацыйнага фронту. Бо, на жаль, да гэтага часу мы выяўляем у структурах СМІ людзей, якія не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку. А кадры ў любой установе — задача нумар адзін. Дзе іх браць? Прэзідэнтам прынята рашэнне пра стварэнне назіральнага савета на факультэце журналістыкі. Туды прызначаны новы кіраўнік, дэкан. Ён і кіраўнікі СМІ адказваюць сёння за падрыхтоўку спецыялістаў на журфаку. Пазіцыя такая: мы рыхтуем не проста журналістаў, мы рыхтуем, паўтаруся, байцоў інфармацыйнага фронту. Усе гэта павінны разумець і ўсведамляць. І падрыхтаваць гэтых байцоў — наша сумесная задача, а не толькі Міністэрства адукацыі і факультэта журналістыкі», — заявіў чыноўнік.
Ігар Луцкі, як і ягоны наступнік на пасадзе міністра інфармацыі Уладзімір Пярцоў, падкрэсліваюць, што з бюджэту накіроўваюцца «вялізныя рэсурсы» на забяспячэнне дзяржаўных СМІ, а таму ўлады заканамерна разлічваюць на лаяльнасць тых, каго фінансуюць.
Закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год» сапраўды прадугледжвае істотныя ўліванні ў падкантрольныя СМІ — агулам гаворка пра 162 млн рублёў.
Бясспрэчным чэмпіёнам па «праяданню» – Белтэлерадыёкампанія, на ўтрыманне якой падаткаплацельцы «скінуліся» ў суме 120 млн рублёў. Адчувальны беларускі ўнёсак у праект міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір»: мінская рэдакцыя атрымала 10 млн рублёў. Для тэлеканала АНТ (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал») у бюджэце заклалі каля 4,5 млн рублёў. Сур'ёзны «прыход» прадугледжаны на ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», лічба падскочыла з леташняга 1 млн да 3,8 млн. Замыкае спіс фаварытаў агенцтва БелТА, на дзейнасць якога выдаткавана 1,8 млн.
Сёлетнія выдаткі на дзяржСМІ адны з самых значных — прыкладна 60 млн долараў у эквіваленце. І гэта цалкам лагічна, асабліва з улікам ролі прапагандыстаў ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі і ўсё большай палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі.
Чытайце яшчэ:
Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды слова і іншыя еўрапейскія палытыкі выказаліся ў падтрымку беларускіх журналістаў-палітвязняў
«Ці вырашыла з ліквідацыяй TUT.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?» Марына Золатава — беларусам пра Беларусь
Абвінавачанне запатрабавала тры гады калоніі для журналіста Дзмітрыя Семчанкі