4215

Навучальны курс «Фотапраект: ад ідэі да прасоўвання» (дэдлайн 6 студзеня)

03.01.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мінск-Вільня. 13.01.2017—25.02.2017

Адразу пасля Калядаў у Мінску стартуе навучальны курс для фотажурналістаў «Фотапраект: ад ідэі да прасоўвання».

Навучанне будзе праходзіць у некалькі этапаў: інтэнсіў расійскага дакументальнага фатографа Мішы Дамажылава, праца над персанальнымі праектамі пад куратарствам беларускага фотажурналіста Сяргея Балая,  арганізацыя выставы ў Мінску і майстар-клас замежнага трэнера ў Вільні.

Па выніках курса ўдзельнікі распрацуюць уласную метадалогію па стварэнню фотапраектаў «ад ідэі да рэалізацыі і прасоўвання».

Першы этап: 13.01.—15.01.2017. Майстар-клас Мішы Дамажылава 

Каб рэалізаваць дакументальны фотапраект, трэба знайсці тэму, прыдумаць канцэпцыю, выбраць візуальную мову, атрымаць доступ, дабрацца да месца, затрымацца «у полі», выйсці з яго, зрабіць круты адбор, выдатны постпрадакшн і ў выніку прасунуць прадукт, які атрымаўся.

На кожным этапе фатографа чакаюць горкія расчараванні. Яны могуць суправаджацца вострым жаданнем памяняць тэму праекта, пачаць усё наноў і нават завязаць з фатаграфіяй назаўсёды. Але ўсяго гэтага можна пазбегнуць, калі ведаць, што самае галоўнае – гэта матывацыя.

З дакументальным фатографам і куратарам Школы сучаснай фотажурналістыкі «ДокДок Док» Мішам Дамажылавым удзельнікі майстар-класа цягам трох дзён вывучаць этапы стварэння фотапраекта, даведаюцца пра ўсе пасткі, у якія так лёгка патрапіць фотажурналісту, і выпрацуюць стратэгію іх пераадолення. Вынікам для кожнага з удзельнікаў стане гатовая канцэпцыя персанальнага праекта і здымкі, якія распачынаюць працу над ім.

Міша ДАМАЖЫЛАЎ

Расійскі фотажурналіст, дакументальны фатограф.

Пераможца і фіналіст прафесійных конкурсаў NPPA, Grand Award HPA (UNESCO), Sony WPA, LensCulture Exposure Awards, Atlanta Photojournalism. Пачынаючы з 2010 года, публікаваўся ў дзесятках СМІ у Расіі і за мяжой, прымаў удзел у выставах у Расіі, Галандыі, Канадзе, Малайзіі, Грузіі, Польшчы, Кітаі. Дадатковая інфармацыя тут

Другі этап: 16.01-17.02.2017   

Праца над праектамі пад куратарствам фотарэдактара інтэрнет-газеты naviny.by Сяргея Балая: здымкі, кансультацыі, прамежкавы і фінальны адбор фотаздымкаў для серыі і выставы, распрацоўка канцэпцыі выставы, падрыхтоўка фотаздымкаў да друку. Арганізацыя і адкрыццё выставы.

Сяргей БАЛАЙ

Фотажурналіст, фотарэдактар інтэрнет-газеты Naviny.by.

Займаецца дакументальнай фатаграфіяй з 2010 года,  фотарэдактар TUT.BY з 2014 па 2016 гады. Публікацыі: The Wall Street Journal, The New York Post, Daily Mail, Esquire Russia, Newsweek Polska, Stern Magazine, Time Magazine, The Guardian.

Узнагароды і намінацыі: AFP 2014 Pictures of the Year, Zuma Press Best Images 2014. Лаўрэат конкурса «Золотая камера-2013» у катэгорыі «Фотарэпартаж», фіналіст конкурса «Пресс фото Беларуси - 2012, 2013, 2014, 2015», фіналіст конкурса «Street Photography from Eastern Europe «Eaststreet-2015», лаўрэат конкурса «Humanity Photo Award-2015»,  Documentary Award у катэгорыі «Festivities» і Performance Award у катэгорыі «Traditional Rites». 

Трэці этап: 24.02-25.02.2017

Майстар-клас замежнага трэнера па прасоўванні ўласных фотапраектаў, які пройдзе ў Вільні.

Да ўдзелу запрашаюцца:  Прафесійныя фотажурналісты, якія працуюць у СМІ і зацікаўленыя ў падвышэнні сваёй кваліфікацыі ў галіне стварэння асабістых фотапраектаў.

Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе  «Фотапраект: ад ідэі да прасоўвання» прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ»  па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «Photo») да 6 СТУДЗЕНЯ.

Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:

1. АБАВЯЗКОВА партфоліа з 15 здымкаў.

2. Кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў).

3. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!