1344

Навучальны курс ад БАЖ “Майстэрства каментару” (заяўкі да 11 мая)

11.04.2017

Мінск-Вільня, 13.05.2017 — 10.07.2017 г.

Апошнія падзеі ў Беларусі моцна палітызавалі грамадства. Палітыкай цяпер цікавяцца ўсе. На гэтым фоне моцна ўзрастае запыт на якасную аналітыку і дакладны каментар. Бо ў плыні супярэчлівых фактаў і падзей, простых разважанняў на ўзроўні свядомасці абывацеля ўзрастае патрэба ў якасным аналізе эканамічных, сацыяльных, палітычных, ідэалагічных працэсаў у краіне і свеце.

Каментар становіцца компасам, які дапамагае не згубіцца ў лабірынце штодзённых падзеяў і фактаў. Тым больш гэта важна ў эпоху інтэрнэту, сацыяльных сетак, дзе кожны, хто ўмее набіраць словы на клавіатуры, лічыць сябе адмыслоўцам.

І калі вы хочаце перайсці ў новую якасць, стаць каментатарам, аглядальнікам, хутка і якасна ацэньваць тое, што адбываецца ў краіне і свеце, то дыстанцыйны курс «Майстэрства каментару» можа вам моцна дапамагчы.

Вы даведаецеся пра тое, як:
— шукаць у акіяне фактаў і падзей патрэбны вам матэрыял;
— вучыцца сістэмнаму аналізу грамадскіх праблем, здольнасці ўсе інфармацыйныя плыні раскладаць па паліцах;
— асвойваць тэхналогію напісання аналітычных каментароў;
— дакладна, дасціпна і ясна каментаваць бягучыя падзеі;
— набываць досвед працы з экспертамі, правільна фармуляваць пытанні;
— знаходзіць у заявах, дзеяннях палітыкаў схаваны сэнс;
— адрозніваць піяр, прапаганду ад аналітыкі;
— умець выкрываць фальшыўкі і фэйкі.

Трэнер — Валерый Карбалевіч, адзін з вядучых беларускіх палітолагаў, эксперт Аналітычнага цэнтра «Стратэгія», палітычны аглядальнік.

ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі, якія маюць здольнасці да аналітычнай журналістыкі.

АПІСАННЕ КУРСА:

Курс «Майстэрства каментару» распачнецца 13.05.2017 і завершыцца 10.07.2017. Складаецца з уступнага занятку, дыстанцыйных трэнінгаў, а таксама заключнай сесіі з удзелам замежнага трэнера.

Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе «Майстэрства каментару» прымаюцца па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай Commentary) ад сябраў ГА “БАЖ” да 11.05.2017.

Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў).
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.
Колькасць удзельнікаў абмежаваная.