709

“А навошта нам?” У Івацэвічах выбаркам адмовіў мясцоваму сайту ў інфармацыі пра даходы кандыдатаў у дэпутаты

06.02.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Як даведалася Служба маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, рэдакцыя сайта “Першы Рэгіён” вырашыла задаволіць цікавасць выбаршчыкаў і праінфармаваць іх аб даходах кандыдатаў у дэпутаты Івацэвіцкага райсавета.

У Івацэвічах выбаркам адмовіў мясцоваму сайту ў інфармацыі пра даходы кандыдатаў у дэпутаты

Аднак сакратар раённай выбарчай камісіі Алена Лакішык паведаміла, што гэтыя звесткі можна будзе даведацца на стэндах на ўчастках для галасавання.

“Ёсць пастанова Цэнтрвыбаркама, паводля якога камісія сама вызначае, дзе — у газеце альбо на стэндах — будзе размешчаная гэтая інфармацыя”, — патлумачыла прадстаўніца выбаркама. З яе словаў вынікала, што звесткі пра даходы і маёмасць кандыдатаў не будуць надрукаваныя нават у дзяржаўнай раённай газеце.

Калі журналіст “Першага Рэгіёна” спрабаваў запярэчыць, што законам не забаронена прадстаўленне гэтай інфармацыі ў СМІ, адказ Алены Лакішык быў наступны: “А навошта нам? Камісія на пасяджэнні вырашыла ўсё зрабіць паводле пастановы Цэнтрвыбаркама”.

Рэдакцыя сайта накіравала пісьмовы запыт на адрас Івацэвіцкай раённай выбарчай камісіі. У лісце рэдакцыя спаслалася на адпаведныя артыкулы Канстытуцыі, Закона РБ “Аб сродках масавай інфармацыі” і Выбарчага кодэкса і прасіла выбаркам усё ж даць звесткі пра даходы і маёмасць кандыдатаў у дэпутаты ў Івацэвіцкі раённы савет.

Адказ прыйшоў хутка. Старшыня раённага выбаркама Уладзімір Бурдзь у пісьмовым выглядзе паведаміў наступнае: “У адпаведнасці з Пастановай Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 2017/12/12 № 49 інфармаванне выбарцаў пра агульную суму гадавога даходу і пра маёмасць кандыдата ў дэпутаты ажыццяўляецца акруговай, тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй. Спосаб інфармавання — апублікаванне ў друкаваным сродку масавай інфармацыі або размяшчэнне ў агульным плакаце з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты — вызначаецца рашэннем камісіі”.

Далей у лісце паведамляецца, што выбарчая камісія ў Івацэвічах вырашыла абмежавацца размяшчэннем гэтай інфармацыі на стэндах непасрэдна на участках для галасавання.

У рэдакцыі сайта “Першы Рэгіён” лічаць, што такім чынам парушаюцца правы не толькі журналістаў, але і выбаршчыкаў.

“Атрымлівацца дзіўная сітуацыя: орган, які тэарэтычна зацікаўлены ў максімальным распаўсюдзе звестак пра выбары, гэтую інфармацыю імкнецца не распаўсюджваць”, — кажа журналіст сайта Павел Кляўчэня.

Паводле яго высноваў, гэта адбываецца таму, што кандыдатамі ў дэпутаты Івацэвіцкага райсавета балатуюцца, галоўным чынам, кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў і чыноўнікі. І яны не хачуць, каб грамадскасць ведала пра іх даходы, якія значна перавышаюць заробкі звычайных жыхароў раёна.

Прадстаўнікі “Першага Рэгіёна” кажуць, што маюць намер уласнымі высілкамі сабраць адпаведную інфармацыю з івацэвіцкіх выбарчых участкаў, перапісаць дадзеныя, якія тычацца кандыдатаў і размясціць на сайце. Таксама рэдакцыя інтэрнэт-выдання заклікае сваіх наведнікаў (асабліва ў выбарчых акругах, што знаходзяцца ў вёсках) дзяліцца аналагічнымі звесткамі.