313

Натальля Пінчук выступіла на World Expression Forum: «Перамовы з Лукашэнкам, за якім стаіць цень Пуціна, безвыніковыя»

24.05.2023 Крыніца: Радыё Свабода

Штогадовы Ўсясьветны форум за свабоду выказваньня (World Expression Forum) праходзіць у Лілехамэры, Нарвэгія, 22–23 траўня, піша «Радыё Свабода». 

Усясьветны форум за свабоду выказваньня закліканы пашыраць магчымасьці і абараняць свабоду выказваньня меркаваньняў як абсалютную перадумову для дэмакратыі і прагрэсу чалавецтва.

Місія форуму: аб’ядноўваць абаронцаў свабоды слова ў моцную і актыўную сусьветную супольнасьць, быць каталізатарам пераменаў, імкнуцца даць новым пакаленьням моц, свабоду і бясьпеку для самавыяўленьня.

23 траўня на форуме выступіла жонка зьняволенага праваабаронцы і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

Натальля Пінчук заявіла, што яе муж Алесь Бяляцкі, усе зьняволеныя праваабаронцы і ўсе палітвязьні ў Беларусі павінны быць вызваленыя без усялякіх умоваў.

«Любы кантакт з уладамі ў Менску магчымы толькі пасьля гэтага (і пры ўмове спыненьня дапамогі Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны). Вызваленьне зьняволеных — не прадмет для бясконцых перамоваў, не тавар для гандлю, а адзінае выйсьце з тупіку, у які дыктатар завёў краіну і народ.

Перамовы з Лукашэнкам, за якім стаіць цень Пуціна, безвыніковыя. Таму вялікая павага тым краінам і палітыкам, якія праяўляюць прынцыповасьць і не маюць ілюзій.

Належыць спадзявацца і на цьвёрдасьць міжнародных арганізацыяў, якія павінны стаяць на варце дэмакратычных каштоўнасьцяў і міру».

Пры гэтым Пінчук зьвярнула ўвагу, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў у асобе Генэральнага сакратара запрасіла Лукашэнку на Саміт аб мэтах устойлівага разьвіцьця, а чыноўнікі ААН хваляць за дасягненьне гэтых мэтаў лукашэнкаўскі рэжым:

«Значыць, устойлівае разьвіцьцё — гэта саўдзел у злачыннай агрэсіі супраць Украіны і масавыя рэпрэсіі, ад якіх ужо ўцяклі сотні тысяч беларусаў?

Прынцыповая палітыка дэмакратычнай супольнасьці павінна зрабіць немагчымым лёгкае існаваньне рэжыму, паказаць, што адказнасьць панясе і сам Лукашэнка, і яго хаўрусьнікі, у тым ліку прапагандысты дзяржаўных мэдыя, а самае галоўнае — даць беларускаму грамадзтву сыгнал, што ахвяры былі ня марныя, і быць гатовым да вяртаньня свабоды».

Чытайце яшчэ:

Міжнародныя арганізацыі: «Грамадзянская супольнасць пацвярджае нязменную салідарнасць з палітвязнямі!»

Журналисты могут быть «законной военной целью»? БАЖ разбирается в правовых нюансах с юристом-международником

Больш за 100 нобелеўскіх лаўрэатаў далучыліся да Міжнароднага ПЭНа ў падтрымцы лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!