НЕ - ВАЙНЕ!
571

«Нашу Нiву» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

27.01.2022 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Газета «Наша ніва» выходзіць з 1906 года (сучасная — з 1991-га), цяпер яна прадстаўлена сайтам і сацсеткамі.

Аб прызнаньні «Нашай нiвы» экстрэмісцкім фармаваннем паведаміла МУС Беларусі:

«Экстрэмісцкім фармаваннем прызнана група грамадзн зь ліку ПВУП «Сародзічы» (газета «Наша ніва»), якая аб'ядналася праз інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку ў сацыяльных сетках і месенджарах».

«Прызнанне „Нашай Нівы“ экстрэмісцкім фармаваннем больш гаворыць пра тых, хто прызнаў, чым пра „Нашу Ніву“. Стандарты журналістыкі „Нашай Нівы“ не зменяцца ні на ёту, мы гэта гарантуем. Мы не прагназуем таксама падзення чытанасці выдання — яна працягвае расці, трэнд нязменны ўсе апошнія гады», — пракаментавала для Зеркало.io факт унясення ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў дырэктар медыя «Наша Нiва» Настасся Роўда.

Яна таксама адзначыла, што рэдакцыя верыць у тое, што беларускія ўлады зменяць курс і адменяць рашэнні, накіраваныя на абмежаванні правоў грамадзян — у тым ліку і рашэнне наконт «Нашай Нівы».
 

***

«Наша ніва» — найстарэйшае беларускае выданне, яе гісторыя пачынаецца з 1906 года. Першы нумар выйшаў 23 лістапада. Першыя 42 нумары выдаваліся беларускімі кірыліцай і лацінкай. Выданне газеты было спынена ў 1915 годзе ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны — нямецкія войскі набліжаліся да Вільні, нагадвае "Радыё Свабода".

У 1991 годзе пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца ў Вільні адбылося адраджэнне «Нашай нівы». У 1996-м рэдакцыя газеты пераехала ў Минск. У чэрвені 2018 года «Наша ніва» спыніла выхад папяровай газеты, а праз два месяцы стала выдаваць ілюстраваны гістарычны часопіс.

Раней экстрэмісцкімі фармаваннямі прызналі "Белсат", БелаПАН і "Радыё Свабода".

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!