436

«Нашу Ніву» папярэдзілі пра тое, што Рэдакцыю чакае штраф за сітуацыю з раненнем Наталлі Лубнеўскай

21.09.2020 Крыніца: nashaniva.by

Журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская была параненая 10 жніўня — невядомы спецназавец стрэліў ёй у нагу з блізкай адлегласці. Крымінальная справа не заведзеная дагэтуль, Следчы камітэт усё яшчэ праводзіць «праверку».

38 дзён Наталля ляжала ў Бальніцы хуткай дапамогі, цяпер знаходзіцца на бальнічным дома. Пасля таго, як яе выпісалі з бальніцы, яна атрымала першы бальнічны і перадала яго ў бухгалтэрыю.

Такая сітуацыя — з раненнем журналіста — для нас першая, і спадзяемся, апошняя. Натуральна, алгарытмаў дзеяння ў такіх выключных сітуацыях у нас няма. Паколькі выпадак Наталлі можна трактаваць як «траўму на вытворчасці», бухгалтэрыя звязалася з «Белдзяржстрахам», каб высветліць, якія дакументы трэба ім прадаставіць.

Спецыялісты далі патрэбны спіс, але папярэдзілі, што ў любым выпадку па выніках разбіральніцтва «Наша Ніва» мусіць атрымаць штраф ад дзяржаўных органаў — бо своечасова не паведамілі пра здарэнне і не правялі ўласнае расследаванне.

Пакуль мы пачынаем перапіску з бальніцай і «Белдзяржстрахам», каб як мінімум давесці, што праверка Следчага камітэта працягваецца. Ніякіх дакументаў ад Дзяржаўнай інспекцыі працы ў Рэдакцыі пакуль няма.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!