НЕ - ВАЙНЕ!
219

«Наша Ніва»: У Беларусі забаронены продаж рамана Оруэла «1984»

18.05.2022 Крыніца: nashaniva.com

Копію адпаведнага распараджэння мае «Наша Ніва».

«Зняць з продажу ўсе варыянты кнігі Оруэл Д. «1984». Пра выкананне далажыць не пазней за 19 мая», — гаворыцца ў распараджэнні.

Антыутопія Джорджа Оруэла «1984» апісвае таталітарнае грамадства. Жыхары пазбаўленыя грамадзянскіх правоў і індывідуальнасці, ідэя парадку абсалютызуецца, існуе культ асобы Вялікага Брата, ад людзей патрабуюць поўнага і бескрытычнага падпарадкавання ўладам. Нават мову змяніла навамоўе. «Вайна — гэта мір», «свабода — гэта рабства» і «Вялікі Брат глядзіць на цябе», — гэтыя выразы з рамана сталі афарызмамі.

У Савецкім Саюзе і іншых таталітарных дзяржавах Усходняй Еўропы кніга была забароненая да 1987 года.

На беларускую мову раман у 1992 годзе пераклаў выбітны перакладчык Сяргей Шупа, тады і выйшла першае выданне. У 2020-м раман быў перавыдадзены выдавецтвам «Янушкевіч». А ў 2021-м выйшаў дадатковы наклад твора. Ëн стаў лідарам продажаў у шматлікіх кнігарнях.

У дзяржаўнай сетцы «Белкніга» ён трымаўся на 4-м месцы ў спісе бестсэлераў. Рэдкі выпадак для кнігі, якая ўпершыню выйшла шмат дзесяцігоддзяў таму. І адлюстраванне таго, як народ успрымае працэсы, што адбываюцца ў краіне.

Пазаўчора, 16 мая, палітычная паліцыя ГУБАЗіК затрымала выдаўца Андрэя Янушкевіча.

Гэтаму папярэднічала стварэнне заказных рэпартажаў з фальсіфікаванымі фактамі ў ТГ-каналах Азаронка і Гладкай, якія выкарыстоўваюцца спецслужбамі для апраўдання пагромаў. У рэпартажах пра рэйд у новаадкрытую кнігарню «Кнігаўка» аператары спецслужбаў акцэнтавалі ў фотах паліцу з кнігай «1984».

«Наша Ніва» мае копію распараджэння аб забароне продажу кнігі. Але не публікуе з меркаванняў бяспекі людзей, якія яе перадалі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!