1778

«Наша ніва» цалкам пераходзіць у інтэрнэт. Папяровай газэты больш не будзе

06.06.2018 Крыніца: "Радыё Свабода"

Незалежная газэта «Наша ніва» перастане выходзіць на паперы, але працягне выдавацца на сайце nn.by. Пра гэта рэдакцыя абвясьціла ў 981-м — і апошнім — нумары папяровай газэты.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/b38f6078-cbb1-44fd-82c1-d85bdb58ea14_w1023_r1_s.jpg

Сайт «Нашай нівы» працягвае працаваць у ранейшым рэжыме. Зранку на ім зьявілася навіна пра пераход у інтэрнэт з папяровай газэты, але пад іншым загалоўкам: «Нам удалося ўсё».

У перадавіцы апошняга нумару газэты рэдакцыя заяўляе, што «паказала ўсім прыклад, як адаптавацца да новай эпохі»: сайт выданьня (апошні папяровы нумар якога выйшаў накладам у 3001 асобнік) наведалі за травень 475 тысяч унікальных карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 млн старонак. У месяцы з рэзананснымі падзеямі лічбы бываюць удвая большыя, сьцьвярджаецца ў артыкуле.

Рэдакцыя таксама заяўляе, што ганарыцца «той апэратыўнасьцю і аб’ёмам інфармацыі», якую цяпер мае на інтэрнэт-сайце, а таксама ганарыцца тым, што ёсьць «плятформай для дэбатаў».

«Наша ніва» пачатку XX ст. у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча

«Як і нашы папярэднікі Антон і Іван Луцкевічы і Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі і Аляксандар Уласаў, мы верым у прагрэс, у магчымасьць больш справядлівага ўладкаваньня грамадзтва, лепшага разуменьня чалавекам сьвету і сябе», — піша рэдакцыя.

Яна нагадвае, што папяровай «Нашай ніве» ёсьць альтэрнатыва: «якасныя і патрыятычныя» папяровыя «Народная воля», «Новы час», «Рэгіянальная газэта» і іншыя.

У апошнім папяровым нумары «Наша ніва» расказвае пра 70-годзьдзе Сьвятланы Алекіевіч, затрыманьнепамочніка Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Раўнейкі, «ўдалы» крэдыт на жытло віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага, сетку прарасейскіх сайтаў у Беларусі з аўтарамі з НОД і «Румол», фэмінізм Алаізы Пашкевіч (вядомай пад літаратурным псэўданімам Цётка), жыцьцё беларускі са спаленай нацыстамі вёскі, гібель высаджаных уздоўж трасаў дрэваў і ласункі 1980-х. Некалькі вялікіх матэрыялаў – рэклямныя супольныя праекты з камэрцыйнымі кампаніямі: рэпартаж з «самай працавітай» вёскі Муравейніца, пераправа праз палескае “мора Герадота” і парады стаматоляга.

Сучасная «Наша ніва» адлічвае сваю гісторыю ад газэты, заснаванай у 1906 годзе і закрытай у час Першай сусьветнай вайны. Пачала выходзіць штомесяц у траўні 1991 году ў Вільні (першы рэдактар — Сяргей Дубавец), у 1996-м рэдакцыя перабралася ў Менск. У 2000–2016 гадах папяровая вэрсія выходзіла штотыдзень, ад 2016 году зноў стала выходзіць штомесяц.

«Наша ніва», 1996

У 1998 годзе газэта змагла адстаяць у судзе права выдавацца беларускім клясычным правапісам, але з 2008-га перайшла на афіцыйны («наркамаўку»). Сайт газэты мае беларускую і расейскую вэрсіі, летась на ім зьявіўся «жаночы» разьдзел «Наша Ніна».

Рэдакцыя ня раз цярпела ад нападаў беларускіх уладаў, была пад пагрозай закрыцьця ў 2011 годзе, засталася бяз тэхнікі пасьля ператрусу ў канцы 2010 году (не вярнулі дагэтуль), у 2006–2008 гадах была пазбаўленая магчымасьці распаўсюду праз «Белпошту» і «Белсаюздрук». Журналістаў выданьня ня раз затрымлівалі міліцыянты і «людзі ў цывільным».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!