204

“Нас хочуць даціснуць суткамі і штрафамі”. У Бабруйску на волю выйшлі два журналісты

15.09.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Алесь Чыгір і Сяржук Лацінскі — вядомыя ў бабруйску журналісты і грамадскія дзеячы. Абодвух адпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання 14 верасня. Чыгір адбыў трое сутак арышту, Лацінскі — сем.

Алеся і Сержука затрымалі і арыштавалі па самым знакамітым у Беларусі за апошні месяц артыкуле КаАП: 23.34 — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Сяржук Лацінскі, відэаператар, фатограф, спартыўны журналіст, праваабаронца. Суд у дачыненні яго адбыўся яшчэ 22 чэрвеня, тады суддзя Таццяна Тарабуева прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў незаконнай масавай акцыі — ланцугу салідарнасці, што праходзіў у Бабруйску 19 чэрвеня. На мерапрыемстве Сяржук прысутнічаў як відэаператар разам са сваёй жонкай Алесяй Лацінскай, карэспандэнткай мясцовага партала BOBR.BY, якая на пікеце была па рэдакцыйным заданні. Іх разам і затрымалі. Алесю адпусцілі, Сержука пакінулі на трое сутак да суда пад вартай. Суд прызначыў яшчэ сем сутак арышту. Але ў той жа дзень Сержука адпусцілі з-пад варты з тэмпературай, папярэдзіўшы, што прызначаны судом тэрмін яшчэ прыйдзецца адбыць. Зноў затрымалі Лацінскага на вакзале ў Бабруйску супрацоўнікі транспартнай міліцыі 7 верасня і адразу накіравалі ў ІЧУ адбываць арышт. 14 верасня журналіст выйшаў на волю.

Разам з Сержуком з бабруйскага ІЧУ выйшаў Алесь Чыгір — добра вядомы ў Бабруйску гісторык, журналіст, сябра ГА “БАЖ”, грамадскі дзеяч, у мінулым — дэпутат мясцовага гарсавета. Ён правёў за кратамі трое сутак.

Алеся Чыгіра затрымалі ў пятніцу 11 верасня. Як высветлілася, за ўдзел у мітынгу 6 верасня, на якім ён быў разам з жонкай Данутай. Да яе першай і прыйшлі міліцыянты, хацелі арыштаваць адразу на працы.

Данута Чыгір працуе фармацэўтам у адной з бабруйскіх аптэк. Па словах жанчыны, 11 верасня да яе прыйшлі людзі ў цывільным, якія назваліся супрацоўнікамі міліцыі і ў грубай форме загадалі ісці разам з імі. Яна адмовілася, бо ў аптэцы працуе адна і не магла пакінуць працоўнае месца. Міліцыянты сталі тэлефанаваць яе кіраўніцтву, але пачулі ў адказ, што забраць Дануту на допыт могуць толькі пасля заканчэння працоўнага дня.

Пакуль яны тэлефанавалі і вырашалі, што рабіць, спадарыня Данута паспела напісаць свайму мужу пра тое, што адбываецца. Ён хуценька прыбег у аптэку. У выніку яго забралі і павезлі ў Ленінскі РАУС Бабруйска, а жонцы выпісалі позву на нядзелю 13 верасня.

Алеся Чыгіра пасля допыту адвезлі ў ІЧУ.

Дануце Чыгір на допыце ў нядзелю ўчастковы міліцыянт патлумачыў, што яна абвінавачваецца паводле ч.3 арт.23.34 КаАП (паўторны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Жанчына зазначае, што яшчэ ніколі да гэтага разу на яе не складалі пратаколы за нейкія парушэнні. Цяпер жа спадарыня Данута чакае суда, дата якога пакуль невядомая.

14 верасня паводле ч. 3. арт. 23.34 судзілі і Алеся Чыгіра. Пасяджэнне праходзіла адразу ў ізалятары часовага ўтрымання. Суддзя Таццяна Тарабуева прызнала журналіста вінаватым і пакарала трымя суткамі  арышту, але паколькі ён іх ужо адбыў з дня затрымання, то пасля суда выйшаў на волю.

“Мне тады казалі падчас допыту, што мяне вось-вось адпусцяць дамоў. Але потым, як звычайна, — рэмень, шкарпэткі, вобшук і так званы “бетонны пенал” на Гогаля, 18 (адрас Ленінскага РАУСа г.Бабруйска – рэд.), — распавёў спадар Чыгір пасля вызвалення. — Я там правёў каля шасці гадзін, прыкладна з 16-й да 22-й, было цяжкавата на бетоннай падлозе. А ў ІЧУ ўжо як родныя пенаты — усё знаёмае. Стаўленне з боку супрацоўнікаў нармальнае”.

Для Алеся Чыгіра гэта ўжо другі арышт пасля прэзідэнцкіх выбараў. Першы раз журналіста затрымалі 10 жніўня таксама ў аптэцы, дзе працуе жонка. Тады супрацоўнікі АМАП выбілі дзверы, каб трапіць у памяшканне, адразу ж на месцы моцна збілі і Алеся, і Дануту. Алеся працягнулі біць і ў Ленінскім РАУС, куды адвезлі дя складання адмістрацыйнага пратакола, пасля журналіста даставілі ў СІЗА №5 г. Бабруйска, праз некалькі дзён перавялі ў ІЧУ. Агулам за кратамі тады Чыгір правёў шэсць сутак.

“Відавочна, што яны хочуць нас выматаць, даціснуць гэтымі суткамі, штрафамі, каб нас было ўсё менш і менш”, — адказаў Алесь на пытанне пра тое, чаму праваахоўнікі распачалі ціск на яго сям’ю.

У суботу 12 верасня яшчэ да двух бабруйскіх журналістаў прыходзілі супрацоўнікі міліцыі — да карэспандэнта анлайн-газеты “Бобруйский курьер” Віктара Качана і да журналіста газеты “Вечерний Бобруйск” Дзяніса Носава. Абодва журналісты нібыта былі заўважаны на нейкім відэа з мітынгу.  Іх не затрымлівалі, а папрасілі прад’явіць журналісцкія пасведчанні і правялі прафілактычную гутарку пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!