1646

Народжаны ў Дзень жанчын. Віншуем Андрэя Вышынскага з юбілеем!

08.03.2017 Крыніца: Актывісты Лунінецкай філіі ГА "БАЖ"

8 сакавіка заснавальнік і галоўны рэдактар газеты «Информ-Прогулка» адзначае 65-годдзе.

Андрэй Міхайлавіч Вышынскі з’явіўся на свет ў невялікай вёсцы Радчыцк у Столінскім раёне 8 сакавіка 1952 года. Як казала яго маці, нараджэнне сына – гэта найлепшы падарунак на Дзень жанчын, тым больш, што ў сям’і на той час былі толькі дзяўчынкі. Так што рос Андрэй у “кветніку”, сярод пяці сясцёр.

Па першым дыпломе Андрэй Вышынскі – фельчар. Потым скончыў гістарычны факультэт БДУ, Вышэйшую партыйную школу (дарэчы, з чырвоным дыпломам), факультэт журналістыкі БДУ. У свой час быў вайскоўцам, банкірам, бізнесоўцам. Але журналістыка перамагла. Працаваў і рэдактарам раённай газеты, але не ўпісаўся ў сістэму.

А ў сакавіку 1994 года выдаў першы нумар газеты “Информ-прогулка”. Спачатку выданне выходзіла не перыядычна, але хутка стала штотыднёвым і заняло сваю інфармацыйную нішу на Лунінеччыне. Голас незалежнага СМІ з гадамі станавіўся званчэй, чытачы адчулі, што такое свабода слова.

З 8-м сакавіка Андрэй віншуе жонку, двух дачок і ўнучку Машу. А яны – да таго ж два зяці і ўнук Паша - дораць галаве сям’і віншаванні з народзінамі. У жонкі, Ганны Васільеўны, 8 сакавіка – падвоеныя клопаты. Яна жартуе: “Муж даў мне ўсё, акрамя прозвішча”. Ганна родам з той жа вёскі, што і Андрэй. Яе дзявочае прозвішча – Вышынская, таму мяняць яго не прыйшлося. Амаль 38 гадоў сямейнаму саюзу.

Андрэй Вышынскі пакуль не збіраецца на адпачынак, плённа працуе. А на пытанне, ці не думае пачынаць пісаць мемуары, адказвае: “Трэба, трэба…”. У свае 65, як прызнаецца юбіляр, ён не здраджвае сваім прынцыпам: “Жыць, усміхацца і не надуваць шчокі”.

Няхай так і будзе! Доўгіх гадоў пры добрым здароўі, пазітыўных эмоцый, надзейных людзей побач!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!