372

«Нам помсьцяць за «Белсат», — у Крычаве пагражаюць штрафам уладальнікам спадарожнікавых талерак

15.02.2017 Крыніца: Радыё Свабода

Камунальныя раённыя службы спасылаюцца на пастанову ўраду ад 2013 году і нагадваюць, што самавольны мантаж такога абсталяваньня — адміністрацыйнае правапарушэньне з адпаведнай адказнасьцю.

Антэна Сяргея Няроўнага, якую неабходна ўзаконіць

Тым часам тыя, хто мае талеркі, заяўляюць, што чыноўнікі спрабуюць абмежаваць людзей у магчымасьцях атрыманьня альтэрнатыўнай інфармацыі, а пастанова ўраду толькі падстава, каб апраўдаць такія дзеяньні.

Прадпісаньне пра неабходнасьць узаконьваньня талеркі атрымаў рэдактар крычаўскай незалежнай газэты «Вольны горад» Сяргей Няроўны. Зь ягоных слоў, апавяшчэньне прынесла супрацоўніца мясцовага камунальнага прадпрыемства, якая адмовілася тлумачыць, з чым зьвязаны «наступ на талеркі», і параіла зьвярнуцца да начальства.

Сяргей Няроўны

Сам жа журналіст мяркуе, што «барацьба з талеркамі» мае палітычную афарбоўку.

«Крычаў вызначыўся тым, што тут зьбіралі подпісы ў падтрымку тэлеканалу „Белсат“. Пра гэтую кампанію пісаў і „Вольны горад“, а таксама былі публікацыі ў інтэрнэт-выданьнях. Трыста крычаўцаў падпісаліся ў падтрымку тэлеканалу», — даводзіць сваё разуменьне сытуацыі Сяргей Няроўны.

«Улада ж ведала, што за ініцыятывай у падтрымку „Белсату“ стаяў „Вольны горад“, таму мяне ня дзівіць, што я атрымаў прадпісаньне першым. Таму я лічу, што такія дзеяньні скіраваныя супраць тых, хто хоча мець альтэрнатыўныя погляды, — дадае журналіст. — Мною не заўважана, каб вялася сыстэмная праца ўзаконьваньня талерак па ўсёй Беларусі ад 2013 году: пачалі тры гады таму, а потым кінулі. У суседніх раёнах не патрабуюць узаконіць талеркі, але там і не зьбіралі подпісаў за „Белсат“. Пастанова ўраду — толькі прыкрыцьцё».

У прадпрыемстве «Камунальнік» абвяргаюць закіды, што ўзаконьваньне талерак зьвязана са зьбіраньнем подпісаў у падтрымку тэлеканалу «Белсат».

«Гэта наша мясцовая „жоўтая прэса“ распаўсюджвае такія паведамленьні і разьмяшчае іх у інтэрнэце», — адрэагавалі на зварот журналіста Свабоды камунальнікі.

«Устаноўка талерак патрабуе ўзаконьваньня. Гэтымі талеркамі парушаюцца вонкавыя фасадныя элемэнты, на іх аказваецца нагрузка. Акрамя таго, талеркі ж мацуюцца да фасадаў будынкаў і псуюць выгляд дамоў, — казалі ў „Камунальніку“. — Таму ўладальнікам варта зьвярнуцца ў аддзел архітэктуры і ўзгадніць іх устаноўку. Тое ж тычыцца і кандыцыянэраў».

На пытаньне, колькім уладальнікам талерак і кандыцыянэраў даслалі прадпісаньні, суразмоўцы адказалі, што гэтым не займаюцца. Параілі зьвярнуцца ў аддзел архітэктуры Крычаўскага райвыканкаму. Там выслухалі пытаньне журналіста; пачуўшы ад яго пра «Белсат», адрэагавалі фразай «Глупства» і прапанавалі зьвярнуцца з афіцыйным запытам на імя старшыні Крычаўскага райвыканкаму.

Сяргей Няроўны, як вынікае з прадпісаньня, мусіць да 1 сакавіка вырашыць пытаньне з узаконьваньнем усталяваньня талеркі. У адваротным выпадку яму пагражаюць штрафам ад 2 да 15 базавых велічыняў.

Сяргей Няроўны не зьбіраецца пазьбягаць узаконьваньня талеркі. Калі дазволу не атрымае, будзе судзіцца.

Пастанова, на якую спасылаюцца крычаўскія камунальнікі, выдадзеная ўрадам 16 траўня 2013 году пад нумарам 384 «Аб умовах і парадку ўсталяваньня на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн ды іншых канструкцыяў». У ёй гаворыцца, што ўстаноўка інжынэрнага абсталяваньня — індывідуальных антэн, кандыцыянэраў, канструкцыяў для сушкі бялізны — на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў будзе ажыцьцяўляцца толькі пасьля атрыманьня дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ў адпаведнасьці з праектнай дакумэнтацыяй.