2300

Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Мельчанка ў свой прыёмны дзень не прыняў прадстаўнікоў БАЖ (аўдыёзапіс)

22.03.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” яшчэ на мінулым тыдні запісаліся на 22 сакавіка на прыём да намесніка Міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/51-4-big.jpg

Намеснік старшыні арганізацыі Аліна Суравец і сябра Праўлення Алег Агееў хацелі абмеркаваць з чыноўнікам сітуацыю з масавымі затрыманнямі журналістаў і фармат працы міліцыі падчас акцыі 25 сакавіка.

Аднак у аўторак Алег Агееў так і не змог атрымаць ад МУС інфармацыю пра тое, у які канкрэтна час Мельчанка прыме прадстаўнікоў журналісцкай арганізацыі. Падчас дзесяціхвіліннай размовы супрацоўнік прыёмнай спачатку спрабаваў цалкам адмовіць у праве на асабісты прыём, а потым паабяцаў, што звяжацца з прадстаўнікамі БАЖ у сераду з 9 да 10 гадзін раніцы.

Раніцай у сераду з прадстаўнікамі БАЖ так ніхто і не звязаўся. У сувязі з гэтым прадстаўнікі журналісцкага аб’яднання маюць намер звярнуцца ў пракуратуру з заявай аб прыцягненні чыноўніка да адказнасці за парушэнне Закона “Аб зваротах грамадзянаў і асобаў”.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” яшчэ раз заклікае беларускую міліцыю спыніць канфрантацыю з журналістамі і памятаць, што журналісты выконваюць свае прафесійныя абавязкі.

Нагадаем, цягам сакавіка ў Беларусі адбылося 28 выпадкаў затрымання журналістаў міліцыяй падчас выканання карэспандэнтамі прафесійных абавязкаў. Некаторыя затрыманні адзначыліся асаблівай жорсткасцю, журналісты атрымалі пашкоджанні, забраная тэхніка.