1167

Начальнік Лоеўскай міліцыі прайграў суд журналісту-фрылансеру

16.05.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Калегія па грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда 16 траўня адхіліла касацыйную скаргу начальніка Лоеўскага РАУСа, падпалкоўніка міліцыі Уладзіміра Бухаўцова. Міліцыянт скардзіўся на рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага на абарону гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Падпалкоўнік міліцыі Бухаўцоў патрабаваў прызнаць відэаматэрыялы Жукоўскага абразлівымі для яго гонару і дзелавой рэпутацыі  і спагнаць з адказчыка грашовую кампенсацыю ў памеры 2 тысячы рублёў з пералічэннем іх на рахунак дома сямейнага тыпу ў Лоеве.

Прадстаўнік фрылансера ў судзе, юрыст Леанід Судаленка, які па даверанасці Беларускай асацыяцыі журналістаў прадстаўляў ягоныя інтарэсы, патлумачыў:

“Калегія Гомельскага абласнога суда не знайшла падставаў адмяніць рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля, і цяпер гэтае рашэнне набыло юрыдычную моц. Пазоўнік у судзе “плаваў”, не мог падаць ніводнага сур’ёзнага аргумента віны журналіста. Суддзя Ірына Званко, разглядаючы справу аб абароне гонару і годнасці, імкнулася рабіць гэта аб’ектыўна, давала міліцыянту тэрмін удакладніць патрабаванні. Аднак Бухаўцоў на кожным новым пасяджэнні аспрэчваў “у цэлым” відасюжэты, адзін з якіх быў паказаны тэлеканалам “Белсат”. Пасля чатырох пасяджэнняў суддзя адхіліла пазоў у поўным аб’ёме, стварыўшы тым самым прэцэдэнт, скіраваны на дадатковую абарону журналіста ад неабгрунтаваных прэтэнзіяў”.

Падпалкоўніку прапанавана звярнуцца з пазовам непасрэдна да польскага нацыянальнага тэлебачання, у склад якога ўваходзіць спадарожнікавы тэлеканал «Белсат».

Уладзімір Бухаўцоў прад’явіў Жукоўскаму і тэлеканалу «Белсат» пазоў за відэасюжэты «Міліцыянты бʼюць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду» і «Будзённае жыцьцё рэгіёну Лоеў», але не здолеў канкрэтна сфармуляваць, якія выразы ці словы прынізілі яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Лоеўскай міліцыянт, у прыватнасьці,  спасылаўся на выраблены Жукоўскім відэаматэрыял, у якім паказаныя кадры  з яго удзелам і тытрамі «МУС — гестапа»? Пры гэтым у сюжэце жыхары Лоева распавядалі пра беззаконне, якое дазвалялі сабе мясцовыя міліцыянты ў дачыненні да герояў ды іхніх знаёмых.

З гвалтам затрымлівалі ў Лоеве міліцыянты і самога фрылансера Жукоўскага, калі ён з напарнікам праз відэаздымкі імкнуўся адлюстраваць эканамічную сітуацыю ў райцэнтры. Выклікалі міліцыянтаў “прыструніць” незалежных журналістаў намесніца старшыні Лоеўскага райвыканкаму па ідэалогіі Наталля Кавурава і кіраўніца спраў райвыканкаму Ірына Пастухова.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!