930

На журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Краўчука склалі пратаколы за сюжэт пра закрыццё школы ў Заводскім раёне Мінска

19.09.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

У Заводскім РАУСе Мінска на журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Краўчука склалі пратаколы паводле артыкула 22.9 КаАП Беларусі. Нагодай стаў сюжэт пра закрыццё школы ў Шабанах.

Журналісты здымалі сюжэт пра закрыццё школы ў Заводскім раёне Мінска. У гэтым сюжэце было інтэрв'ю з кіраўніцай раённага аддзела адукацыі. Журналісты мяркуюць, што менавіта запіс словаў чыноўніцы і стаў нагодаю для разбіральніцтваў.

"Мы прадставіліся, сказалі, што здымаем для "Белсату". Але жанчыну гэта не бянтэжыла, яна сама хацела выказацца для аўдыторыі. На нас жа цяпер за той сюжэт склалі пратаколы, абвінавачванне стандартнае — «Незаконнае выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»", — распавяла Любоў Лунёва.

У міліцыі сказалі, што цягам бліжэйшых двух тыдняў па адміністрацыйнай справе мусіць адбыцца суд.

Сем новых судоў чакаюць гомельскіх незалежных журналістаў

Нагадаем, літаральна за некалькі апошніх дзён трое журналістаў-фрылансераў атрымалі сем адміністрацыйных пратаколаў паводле часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: Кастусь Жукоўскі — з Жлобінскага, Добрушскага і Гомельскага райаддзелаў міліцыі, Марына Драбышэўская — два з Чыгуначнага, Ларыса Шчыракова — з Савецкага і Чыгуначнага РАУСаў Гомеля.