855

На журналіста і лідара гурта Dzieciuki завялі адміністрацыйную справу за экстрэмізм

15.10.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Нагодай для адміністрацыйнай справы стаў перадрук у сацсетцы са старонкі анархісцкага руху.

Гродзенскі журналіст, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алесь Дзянісаў даведаўся, што на яго заведзеная адміністрацыйная справа (арт. 17.11, частка 2 КаАП) за “выраб, распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Нагодай стаў перадрук у сацыяльнай сетцы матэрыялу на тэму анархізму.

Па пошце Дзянісаў атрымаў тры дакументы: паведамленне, што на яго заведзеная адміністрацыйная справа, дакумент з пералікам правоў і абавязкаў, а таксама пратакол.

Алесь Дзянісаў упэўнены, што ён нідзе не посціў інфармацыі, датычнай да гвалту, наркотыкаў, парнаграфіі:

“Калі я нешта і рэпосціў, дык там не было нічога кшталту “Забі мянта!”. Гэты допіс са старонкі “Рэвалюцыйнае дзеянне” — старонка належыць адной з плыняў анархізму,  на яе і спасылаюцца ў пратаколе, а я нібыта з яе зрабіў рэпост. Я праглядзеў уласную старонку за гэты год і не знайшоў рэпосту са старонкі “Рэвалюцыйнае дзеяннне”. Сама старонка “замарожаная”, калі яе прызналі экстрэміскай, я таксама не ведаю. Самае цікавае, што я дакладна пакуль не ведаю, за што мяне будуць судзіць. Мне падаецца, што пратакол складзены за  сам факт рэпосту са старонкі анархістаў — і гэта ўжо распаўсюд.

Я думаю, што ў артыкуле, які я перадрукаваў, быў нейкі знак салідарнасці і інфармацыйнай падтрымкі, калі адбываўся ціск на брэсцкіх і мінскіх анархістаў. Цяпер я буду часцей заглядваць у паштовую скрыню ды чакаць павестку ў суд. Я не збіраюся наймаць адваката, але буду раіцца з юрыстамі, як сябе паводзіць. Найперш, хачу азнаёміцца з падрабязнасцямі справы, калі будзе зразумела, што ж за артыкул я перапосціў, можна будзе патрабаваць нейкую экспертызу: ці з’яўляецца той артыкул экстрэміскім, альбо мяне будуць судзіць за сам факт перадруку са старонкі, якую прызналі экстрэмісцкай”.

У ліпені ў Алеся Дзянісава і яго калегі Аляксея Кайрыса была вынятая тэхніка, у верасні міліцыянты тэлефанавалі яго непаўнагадовай дачцэ, праз якую, па словах  Дзянісава, “аказвалі псіхалагічнае ўздзеянне на сям’ю”, а ў пачатку кастрычніка неаднаразова тэлефанавалі самаму Алесю Дзянісаву.

Журналіст напачатку кастрычніка 2018 года звярнуўся ў пракуратуру Гродзенскай вобласці і пракуратуру горада са скаргай на незаконны допыт ягонай непаўнагадовай дачкі Дар’і, а таксама напісаў ліст у раённы аддзел міліцыі Гродна з просьбай праверыць гэтыя факты і даць ацэнку дзеянням супрацоўніка міліцыі, які не назваў сябе. Адказу на свае лісты Алесь Дзянісаў пакуль не атрымаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!