495

На заводзе “Магілёўліфтмаш” падпісваюць на дзяржаўныя газеты з дапамогай адмысловых заяў

27.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

На заводзе “Магілёўліфтмаш” падпіску на дзяржаўныя газеты арганізоўваюць з дапамогай адмысловых заяў, у якіх работнікі самі просяць бухгалтэрыю прадпрыемства вылічыць на гэта грошы з іх майскага заробку.

У прыватнасці, у заяве пішацца: “Прашу вылічыць з маёй заработнай платы за май 2020 года 53р. 16к. за індывідуальную падпіску на газету “Вестник Могилева” на другое паўгоддзе 2020 года”. Заяўнік таксама абавязаны паставіць дату і ўласнаручны подпіс.

Паводле інфармацыі mspring.online, такія заявы з пазначэннем канкрэтнага выдання, на якое неабходна падпісацца, выдаюцца работнікам прадпрыемства адміністрацыяй. Непадпісанне заявы можа мець адпаведныя непрыемные наступствы.

Журналісты праваабарончага рэсурсу паведамілі карэспандэнту Службы маніторынгу ГА “БАЖ”, што пра існуючую практыку ажыццяўлення падпіскі на дзяржаўныя газеты на прадпрыемстве распавёў работнік ААТ “Магілёўліфтмаш”. Ён жа прадаставіў магчымасць азнаёміцца з бланкам адпаведнай заявы.

Карэспандэнт Службы маніторынгу ГА “БАЖ” паспрабаваў даведацца, як пракаментуе размешчаную на “Магілёўскай вясне” інфармацыю адміністрацыя ААТ “Магілёўліфтмаш”. На жаль, падчас тэлефоннай гутаркі начальнік аддзела кадраў прадпрыемства адмовілася адказваць на пытанні. Жанчына адзначыла, што яна нічога каментаваць не будзе, бо не ведае, адкуль журналісты ўзялі інфармацыю пра прымусовую падпіску на прадпрыемстве, і параіла звярнуцца з каментаром непасрэдна да іх.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!