783 0

На затрыманую ў Курапатах журналістку Кацярыну Андрэеву склалі пратакол і адпусцілі

06.06.2018 Крыніца: ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Сюжэт: Затрыманні журналістаў

Журналістку «Белсата» затрымалі ў Курапатах побач з так званым комплексам «Бульбаш-хол», дзе актывісты пратэстуюць супраць адкрыцця рэстарана «Паедзем, паядзім». Кацярына Андрэева асвятляла пратэст.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/20814111_1298555250266888_11433339_n-660x405_0.jpg

Падчас затрымання супрацоўнік міліцыі ў цывільным заявіў журналістцы, што яе дзейнасць у Беларусі незаконная, схапіў яе і пасадзіў у міліцэйскую машыну. Усё гэта адбылося ў жывым эфіры.

Пасля Кацярыну Андрэеву адвезлі ў аддзяленне міліцыі ў Бараўлянах, дзе на яе склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ — працу без акрэдытацыі на тэлеканал «Белсата».

— На відэа бачна, што мяне затрымліваў чалавек у цывільным, які не паказаў ніякіх пасведчанняў, а проста сілай мяне завёў і пасадзіў у машыну. Нават супрацоўнікі міліцыі ў райаддзеле прызналі, што гэта было занадта груба. Міліцыянты склалі супраць мяне пратакол за парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (арт. 22.9 КаАП), пасля чаго адпусцілі. Пратакол адпраўлены ў суд, — расказала журналістка прэс-службе ГА “БАЖ”.

Сёлета журналістаў «Белсата» за працу без акрэдытацыі прыцягвалі да адказнасці ўжо 47 разоў, а агульны памер штрафаў дасягнуў 40 000 беларускіх рублёў.

Каментары